Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску будуць судзіць моладзевых актывістаў БНФ


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Менскіх раённых судах будуць судзіць затрыманых актывістаў моладзевай фракцыі партыі БНФ Насту Александровіч і Алеся Каліту. Іх затрымалі 12 студзеня. Міліцыянты абвінавацілі актывістаў у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі.

Насту і Алеся прывязуць на суд з турмы на вуліцы Акрэсьціна. У рэгіёнах супрацоўнікі міліцыі затрымалі некалькі сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Не выключана, што сёньня іх таксама будуць судзіць.

Паплечнікі Насты Александровіч з моладзевай фракцыі партыі БНФ прыйдуць у суд Фрунзенскага раёну. Насту затрымалі 12 студзеня на кватэры супрацоўнікі КДБ. Яны адвезьлі дзяўчыну ва ўпраўленьне ўнутраных спраў Фрунзенскага раёну Менску. Там міліцыянты склалі на яе пратакол за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Насту Александровіч трымаюць у турме на вуліцы Акрэсьціна.

Кіраўніка моладзевай фракцыі партыі БНФ Алеся Каліту затрымалі на вуліцы ў Савецкім раёне сталіцы. На яго таксама склалі пратакол за дробнае хуліганства. Паплечнікі Алеся Каліты прыйдуць у суд Савецкага раёну. Невядомы дакладны час, калі пачнецца разгляд адміністрацыйных спраў.

Паплечнікі Насты і Алеся перадалі ў турму цёплыя рэчы і харчы. Гаворыць актывіст арганізацыі Франак Вячорка:

Вячорка: “Улада працягвае паступовае рэпрэсаваньне ўсіх моладзевых актывістаў дэмакратычнага руху. У прыватнасьці, пачаўся перасьлед актывістаў моладзі БНФ – затрымалі старшыню арганізацыі Алеся Каліту і адну з самых актыўных дзяўчат Насту Александровіч. Мы моладзю зьбярэмся і выйдзем да будынку суду. Прадэманструем, што мы салідарныя і падтрымліваем сваіх сяброў”.

Ад 12 студзеня за кратамі знаходзіцца кіраўнік гарадзенскай філіі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Яўген Скрабутан. Апроч Яўгена ў Горадні міліцыянты затрымалі некалькі сяброў “Маладога фронту”. Сярод іх быў Андрэй Фамін, студэнт мэдычнага ўнівэрсытэту. Яго пасьпелі адвезьці ў суд, дзе арыштавалі на 5 сутак за дробнае хуліганства. Астатніх адпусьцілі.

Актывістка арганізацыі Наста Палажанка не выключае, што ў рэгіёнах затрыманых сяброў “Маладога фронту” сёньня адпусьцяць без суду.

Палажанка: “Перад мясцовымі выбарамі былі затрыманыя маладафронтаўцы і вялікі ціск прыпаў на тых людзей, якія знаходзяцца ў рэгіёнах. На жаль, міліцыянты маюць юрыдычныя падставы трымаць маладафронтаўцаў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Забіраюць на падставах высьвятленьня асобы, або паводле падазрэньня ў зьдзяйсьненьні злачынства. Тым самым папросту ізалююць людзей ад падзеяў на той час, на які ім патрэбна”.

Учора некалькі юнакоў і дзяўчат сталі на Кастрычніцкай плошчы з расьцяжкай: “Нас падманулі”. У часе разгону спэцназаўцы затрымалі школьніцу Насту Шашкову. У аддзеле міліцыі, дзе на дзяўчынку склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, Наста страціла прытомнасьць. Яе адвезьлі ў першы клінічны шпіталь. Мэдыкі шпіталізавалі дзяўчыну.

Cёнья ў Воршы маладафронтаўцы будуць сустракаць свайго сябра Сяржука Гумінскага. Міліцыянты апранулі на яго кайданкі і зьбівалі каля гадзіны, патрабуючы размаўляць зь імі па-расейску. Пасьля таго, як хлопец зьняў пабоі і падаў скаргу ў пракуратуру, яны абвінавацілі яго ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыянтам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG