Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Багданкевіч прагназуе дэвальвацыю беларускага рубля


Валер Каліноўскі, Менск У мінулую пятніцу было падпісана беларуска-расейскае міжурадавае пагадненьне, згодна зь якім уся расейская нафта, якая прадаецца ў Беларусь, будзе абкладацца экспартным мытам у памеры 53 даляры за тону. Як ацэньваюць беларускія эканамісты ўплыў новых коштаў нафты на эканоміку?

Паводле менскага эканаміста Леаніда Заікі, у мінулым годзе нафта ў Беларусь прадавалася ў сярэднім па цане 270 даляраў за тону, такім чынам сёлета яна падаражэе на 20 адсоткаў, нагрузка на эканоміку вырасьце на 1 мільярд даляраў.

Заіка: “У прынцыпе гэта можа скараціць бюджэтныя патокі. Але яшчэ цярпіма, асабліва ўлічваючы, што ў нас за незалежнасьць ніхто не пакутаваў, як літоўцы, якія за свой сувэрэнітэт сядзелі ў халодных кватэрах”.

Экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч ў сувязі з падаражаньнем нафты прагназуе рост цэн, перш за ўсё на бэнзін:

Багданкевіч: “Безумоўна, гэтыя 53 даляра на тоне трэба будзе перакрываць. Рост цэнаў будзе і, акрамя таго, будуць недапаступленьні ў бюджэт. Гэта таксама паўплывае на нашу эканоміку, улады могуць павялічваць паступленьні ў бюджэт, падвышаючы кошты на бэнзін і мазут”.

Але спадар Багданкевіч прагназуе, што асабліва нэгатыўна новыя кошты на нафту і газ паўплываюць толькі напрыканцы гэтага года і ў наступным, бо пакуль у дзяржавы ёсьць рэзэрвы, напрыклад, прафіцыт бюджэту за мінулы год у памеры аднаго мільярда даляраў. Тым не меней Станіслаў Багданкевіч прагназуе дэвальвацыю нацыянальнай валюты:

Багданкевіч: “Думаю, што яна будзе даволі хутка. Рубель будзе дэвальваваны. Можа быць, нават у студзені месяцы. Будзе інфляцыя працэнтаў 12–15 за год, можа і болей. Падзеньне абменнага курсу рубля адносна даляра, відаць, будзе: ад 2140 дойдзем да 2500, а потым і да 3000”.

Паводле інфармацыі Станіслава Багданкевіча, за час пэўнай панікі беларускіх укладчыкаў у канцы мінулага году рэзэрвы Нацбанку былі зьменшаныя больш чым на 200 мільёнаў даляраў. У цэлым жа спадар Багданкевіч мяркуе, што тут шмат будзе залежаць ад дзейнасьці ўраду і Нацбанку, ад таго, якія амартызацыйныя захады яны будуць выкарыстоўваць.

Тым часам віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў заяўляе, што ўрад зьбіраецца ўтрымаць інфляцыю ў вызначаных рамках:

Кабякоў: “Якога-небудзь незаплянаванага росту, неадпаведнага прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны, ня будзе. Усё будзе ў рамках прагнозу. Урад заявіў у прагнозе, што інфляцыя будзе 7–9 адсоткаў за год. Вось у гэтыя парамэтры мы павінны ўвайсьці. А што для таго, якія рэгулюемыя цэны паправіць з пункту гледжаньня, каб эканоміка працавала, то такія рашэньні будуць прымацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG