Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

М.Сакалоў: "Расеі варта было адстойваць свае інтарэсы больш цьвёрда"


Юры Дракахруст, Масква Беларуска-расейскі крызіс, падпісаныя пагадненьні па гандлёвых пытаньнях і пэрспэктывы двухбаковых адносінаў камэнтуе палітычны аглядальнік «Известий» Максім Сакалоў.

Дракахруст: "Як Вы ацэньваеце беларуска расейскія пагадненьні, падпісаныя 12 студзеня?"

Сакалоў: "Наагул калі з пункту гледжаньня расейскіх інтарэсаў, дзесьці на чацьвёрку з мінусам. Усе гэтыя заблытаныя адносіны з беларускім "саюзьнікам" яшчэ будуць цягнуцца пэўны час, але працэс усё ж пайшоў і штосьці атрымалася крыху зрушыць. Можна казаць, што Расеі варта было адстойваць свае інтарэсы больш цьвёрда, але палітыка — гэта мастацтва магчымага. Можна было ціснуць да канца, але тут ужо ўзьнікалі сумненьні. З аднаго боку, як на гэта паглядзіць Эўропа, эўрапэйскі спажывец, бо калі гісторыя надта зацягнулася, то былі б праблемы з Эўропай. А па-другое, калі надта моцна націснуць, то ў Беларусі маглі б пачацца мала прадказальныя і слаба кантралюемыя працэсы. І наколькі я разумею, пры ўсёй "любві" Крамля да Лукашэнкі, вялікай любві да некантралюемых працэсаў ля сваёй заходняй мяжы Крэмль таксама не адчувае".

Дракахруст: "Як гэты канфлікт, фактычны крах саюзнага праэкту паўплывае на ўнутраную палітыку Расеі?"

Сакалоў: "Гледзячы паводле першай рэакцыі, расейска-беларускі канфлікт наўрад ці будзе істотным фактарам унутранай палітыкі Расеі. Цікава, што ранейшыя апантанныя прыхільнікі гэтага саюзу выказваліся даволі стрымана. Па-першае, яны прызнавалі, што Лукашэнка, мякка кажучы, ня мае рацыі, па-другое, іх асуджэньне палітыкі Крамля мела даволі рытуальны характар. Актыўней за ўсё выступала наша непрымірымая "вызваленчая" апазыцыя западніцкага накірунку. Яны гарачэй за ўсіх крытыкавалі Крэмль. Прычым ня столькі з прычыны любві да Лукашэнкі і тым больш да саюзу, колькі з прычыны нелюбві да Крамля. Камічна, што Гары Кімавіч Каспараў бэсьціў Генадзя Андрэевіча Зюганава за тое, што той недастаткова бадзёра выступаў на гэты конт".

Дракахруст: "Некаторыя расейскія экспэрты кажуць, што Расея такім камэрцыяналізаваным падыходам губляе свой гэапалітычны ўплыў, што за імпэрыю трэба плаціць, як, скажам, Злучаныя Штаты плацяць Ізраілю. Вы згодны з такой ацэнкай?"

Сакалоў: "З аднаго боку ЗША сапраўды плацяць Ізраілю, але зь іншага боку гэта з пункту гледжаньня амэрыканцаў кампэнсуецца іх вялікім ўплывам на Ізраіль. Калі ў крытычны момант ЗША скажуць "Рабі так ці гэтак", то Ізраіль так і зробіць. Што тычыцца Беларусі, то ступень кіруемасьці Аляксандра Рыгоравіча істотна больш нізкая. За імпэрыю сапраўды трэба плаціць, але ў разумных межах, крыху пралічваючы суадносіны "цана/якасьць". Як раз у выпадку з Аляксандрам Рыгоравічам, мне падаецца, што ў Крамлі пачалі лічыць і прыйшлі да высновы, што гэта атрымліваецца ня надта выгадна".

Дракахруст: "Як Вы лічыце, ці не атрымае Лукашэнка ў выніку гэтага крызысу вялікія ўнутрыпалітычныя дывідэнды? Ці не ўмацуе ў грамадзкай думцы свой вобраз як непахіснага абаронцы нацыянальных інтарэсаў?"

Сакалоў: "Мне цяжка казаць, бо я недастаткова кампэтэнтны ў беларускіх грамадзкіх настроях. Паводле тых водгукаў з Беларусі, якія даходзілі, гэтыя настроі дастаткова супярэчлівыя. Напрыклад, сэнс заклікаў найбольш непрымірымага Зянона Пазьняка палягаў ва ўмоўнай падтрымцы Лукашэнкі ў гэтым пытаньні, спадар Мілінкевіч выказаўся хутчэй у прарасейскім духу. Калі ж глядзіш на твары беларускіх чыноўнікаў, то (гэта маё суб''ектыўнае меркаваньне) на іх чытаецца: "Як жа ўсё гэта абрыдла". Падаецца, што ў душы ў іх думкі не пра гераічную кансалідацыю, а груба кажучы – "бацька дастаў". Мне здаецца, што цяжка казаць аб кансалідаванай беларускай нацыі, аб адзіным меркаваньні".
XS
SM
MD
LG