Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: раздаюць бюлетэні з прозьвішчамі кандыдатаў зь іншых акругаў


Радыё Свабода, Ворша Незалежны назіральнік Мікалай Дзямідаў высьветліў, што на чатырох ўчастках Аршанскай выбарчай акругі №32 выбаршчыкам раздаюць бюлетэні з прозьвішчамі кандыдатаў, якія балятуюцца па Паўночнай выбарчай акрузе №31. У той самы час на двух участках Паўночнай акругі галасаваньне адбываецца за кандыдатаў Аршычнай акругі.

Блытаніна пачалася яшчэ на этапе датэрміновага галасаваньня, і больш за паўтары тысячы выбарцаў ужо прагаласавалі за "чужых" кандыдатаў у абласны савет.

Мікалай Дзямідаў зьвярнуўся да прадстаўнікоў выбарчых камісіяў, каб выправіць сытуацыю. Аднак ягоны зварот застаўся без увагі.

Дзямідаў: "Яны ня хочуць і працягваюць ускладняць сытуацыю. У камісіях кажуць: "Мы нічога ня ведаем, бо мы — гарадзкая камісія, а ва ўсім вінаватыя акруговыя камісіі 31-й і 32-й акругаў. Гэта яны не спрацавалі належным чынам у межах сваіх акругаў. І атрымліваецца такая блытаніна – не за сваіх кандыдатаў галасуюць!"

Назіральнік Мікалай Дзямідаў напісаў скаргі ў віцебскую абласную выбарчую камісіі, у Цэнтрвыбаркам і ў пракуратуру. Ён патрабуе прызнаць вынікі выбараў у аблсавет па дзьвюх акругах несапраўднымі. З пракуратуры яму ўжо адказалі, што гэтае пытаньне разгледзяць цягам 10-ці дзён. З іншых інстанцыяў адказу пакуль няма.
XS
SM
MD
LG