Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацак: на 33 акругі – адзін незалежны кандыдат


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк У Наваполацку ў выбарчай кампаніі бярэ ўдзел толькі адзін незалежны кандыдат – беспартыйны Ігар Сухарукаў, які вылучаецца ў абласны і гарадзкі савет.

Сёньня выбарцы, што жывуць у 3-й гарадзкой выбарчай акрузе, дзе балятуецца спадар Сухарукаў, знайшлі ў паштовых скрынях ананімную ўлётку. У ёй незалежны кандыдат кваліфікуецца як “паразыт, казнакрад, алькаголік ды Юда”. Апроч таго, ён названы “ценем Мілінкевіча, разам зь якім прадае Радзіму”.

Па факце распаўсюду друкаваных матэрыялаў, якія дыскрэдытуюць яго як кандыдата ў дэпутаты і як грамадзяніна, Ігар Сухарукаў зьвярнуўся са скаргаю ў абласную і гарадзкую выбарчыя камісіі.

Калі на мінулых выбарах у Наваполацку незалежныя кандыдаты закрывалі практычна ўсе акругі, дык сёлета заявы на ўдзел у выбарах у якасьці кандыдатаў у дэпутаты падалі толькі 8 “незалежнікаў”. Два зь іх пасьля таго, як зь імі пагутарылі кіраўнікі прадпрыемстваў, на якіх працуюць, забралі заявы, тры не былі зарэгістраваныя ў якасьці кандыдатаў, і яшчэ два зьнялі свае кандыдатуры на знак салідарнасьці з незарэгістраванымі калегамі. У выніку ў сьпісах застаўся толькі адзін незалежны кандыдат – ужо згаданы Ігар Сухарукаў.
XS
SM
MD
LG