Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што шукалі міліцыянты ў пакоі Артура Фінькевіча?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Аляксандра Казуліна пачаліся праблемы з адміністрацыяй калёніі, кажа ягоны адвакат пасьля сустрэчы з Казуліным. Зьміцер Дашкевіч пераведзены з карантына ў атрад. Што шукалі міліцыянты ў пакоі Артура Фінькевіча? За навагоднія сьвяты Мікалай Статкевіч атрымаў болей за сто віншавальных паштовак.

Мінуў месяц, як Аляксандр Казулін спыніў галадоўку, якая цягнулася 53 дні. Аднак выхад палітыка з галадоўкі яшчэ не завершаны, паведаміў адвакат Казуліна Зьміцер Гарачка, які 12-га студзеня сустракаўся са сваім падабаронным ў калёніі. Паводле Зьмітра Гарачкі, большасьць дня Аляксандр Казулін яшчэ знаходзіцца ў ложку, ён дагэтуль ужывае толькі дыябэтычную ежу і адмысловыя напоі. Але пачуваецца палітык з кожным днём лепей, кажа адвакат Гарачка. Што да адносінаў Казуліна з адміністрацыяй, то, паводле зьвестак адваката, апошнім часам пачалі узьнікаць пэўныя праблемы.

Гарачка: “Ёсьць праблемы, так. Пакуль ён галадаваў, яго асабліва не чапалі, але зараз, па выхадзе з галадоўкі, паступова пачынаюць, як кажуць, “наяжджаць”.

Спадар Гарачка, аднак, не ўдакладніў, зь якімі праблемамі сутыкнуўся ягоны падабаронны Аляксандр Казулін.

Актывіст “Маладога фронта” Артур Фінькевіч, які адбывае “хімію” ў Магілёве, нечакана атрымаў спагнаньне: малады чалавек спазьніўся на 15 хвілінаў у інтэрнат, за што і быў пакараны. Артур не адмаўляецца, што адбылося парушэньне рэжыму, але заўважае, што у аналягічных выпадках ягоных калегаў-“хімікаў” не караюць. Артур мяркуе, што міліцыя мае загад адправіць яго для адбыцьця астатняга тэрміну пакараньня ў калёнію.

Фінькевіч: “Сыстэмны прэсінг супраць мяне пачаўся недзе напярэдадні Новага года. Пачалі чапляцца да ўсяго. Мэта, відаць, тая, каб зьмяніць мне меру стрыманьня з “хіміі” на калёнію”.

Актывіст прывёў такі прыклад: днямі міліцыянты правялі ператрус у пакоі, дзе ён жыве, агледзелі ўсе ягоныя рэчы, ложак. Рабілася гэта ў ягоную адсутнасьць, што Артур лічыць парушэньнем закону. Што ў яго шукалі, Фінькевіч ня ведае.

Нагадаем, актывіст “Маладога фронту” Артур Фінькевіч быў асуджаны на паўтара года абмежаваньня волі за палітычныя графіці.

Другі вядомы актывіст “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч нарэшце быў пераведзены з карантыну ў турэмны атрад, дзе ўмовы лічыцца крыху лепшымі. Пра гэта паведамілі бацькі актывіста. Нагадаю, Зьміцер асуджаны на паўтара года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі, адбывае пакараньне Дашкевіч у Шклоўскай калёніі. Паводле бацькой актывіста, на Зьмітра ў калёніі аказваюць ціск. Яго болей за месяц трымалі ў карантыне, а звычайна на гэта хапае 10 дзён.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч па-ранейшаму не атрымоўвае кароткатэрміновага адпачынку, каб наведаць свайго хворага бацьку, які адзін жыве ў Баранавічах. Мікалай Статкевіч усьцешаны тым, што яго не забываюць аднадумцы: за навагоднія сьвяты спадар Статкевіч, які знаходзіцца на “хіміі” ў Пухавіцкім раёне, атрымаў дзясяткі віншавальных паштовак і перадае падзяку ўсім, хто яму напісаў.

Статкевіч: “Ужо болей за 120 паштовак. Зь Беларусі, зь яе розных куткоў, з іншых краін. Не маю магчымасьці ўсім адказаць, таму перадаю падзяку. Вашыя паштоўкі, вашыя словы ў мяне заўсёды перад вачыма, бо я іх наклеіў на сьцяну. Гэтая падтрымка для мяне вельмі важная. Міліцыянт, калі пабачыў столькі паштовак, спытаў: “Гэта што, усё вашы сваякі?”

Дарэчы, просяць перадаць падзяку за сьвяточныя віншаваньні таксама Аляксандр Казулін, Павал Севярынец і Кацярына Садоўская. Гэтых людзей шмат хто ў Беларусі і сьвеце лічыць палітычнымі вязьнямі, якія пацярпелі за свае перакананьні.
XS
SM
MD
LG