Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажуць менчукі пра датэрміновае галасаваньне?


Галіна Абакунчык, Менск Як вы ставіцеся да датэрміновага галасаваньня і ці галасавалі самі? Гэтае пытаньне менскім мінакам задавала наша карэспандэнтка.

Спадарыня: “Не, датэрмінова не хадзіла. Я лічу, што калі ёсьць такая пільная патрэба ў датэрміновым галасаваньні, то толькі для тых людзей, якія некуды зьязджаюць. І ўсё гэта павінна падцьвярджацца дакумэнтальна. А так я ня бачу сэнсу ў датэрміновым галасаваньні”.

Спадар: “Стаўлюся нармалёва, але сам яшчэ не хадзіў. Няма часу, вось толькі зараз іду з працы. Няхай галасуюць, у каго ёсьць час прагаласаваць датэрмінова. Нічога дрэннага ў гэтым няма”.

Спадарыня: “Я яшчэ не хадзіла і лічу, што датэрміновае галасаваньне не патрэбнае. Ёсьць дзень выбараў, як гэта было некалі, у гэты дзень і трэба ісьці. А датэрміновае – гэта ўсё фальшаваньне”.

Спадар: “Да гэтага стаўлюся абсалютна цярпіма. Калі ў каго ёсьць магчымасьць прагаласаваць датэрмінова, то калі ласка. Але я ніколі не галасаваў датэрмінова, бо заўсёды быў час прыйсьці на ўчастак у нядзелю. У гэты дзень буду ў Менску, і ў мяне тут праблем няма”.

Спадарыня: “Стаўлюся станоўча і пайду абавязкова. Я ўжо выбрала кандыдата і сьпяшаюся аддаць свой голас за цудоўную будучыню”.

Спадар: “Зусім ня хочацца ісьці галасаваць, бо гэта ня выбары. У аўтобусах абвяшчаюць: ідзіце галасуйце. А за каго?”

Карэспандэнтка: “Як вы ставіцеся да датэрміновага галасаваньня і ці галасавалі самі?”

Спадарыня: “Нармалёва. Лічу, што гэта патрэбна, хоць я і не хадзіла. Я пэнсыянэрка і маю магчымасьць пайсьці прагаласаваць і ў нядзелю. Яшчэ пасьпею”.

Спадар: “Хадзіў, галасаваў. Я нармалёва да гэтага стаўлюся. Бо, калі ў чалавека ёсьць магчымасьць, то ён ідзе і галасуе, а калі не, то не. Галоўнае, каб звонку не было ціску. А зараз гэты ціск адчувальны”.

Спадар: “Прачытаў паведамленьні пра кандыдатаў: у кагосьці кватэра, у кагосьці машына. А я ўпэўнены, што ў іх даходаў нашмат больш. Таму асабіста я на выбары не пайду”.

Спадар: “Да датэрміновага галасаваньня стаўлюся адмоўна, бо тут магчымыя фальшаваньні. Я думаю, што дастаткова часу, каб і ў нядзелю прагаласаваць і аддаць свой голас за абранага кандыдата”.
XS
SM
MD
LG