Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасярэднікам між Лукашэнкам і Пуціным быў кіраўнік адной з расейскіх партыяў


Юры Дракахруст, Масква Падпісаную ўчора беларуска-расейскую дамову па нафтавым пытаньні, а таксама хаду цяперашняга беларуска-расейскага крызысу камэнтуе сябра Грамадзкай палаты пры прэзыдэнце Расеі, палітоляг Сяргей Маркаў.

Маркаў: «Пагадненьне я ацэньваю як разумны кампраміс, які здымае ўсе заклапочанасьці з боку спажыўцоў. Але гэты кампраміс адкрыты ў будучыню, гэты крызіс быў абумоўлены ў немалой ступені кепскімі адносінамі паміж Пуціным і Лукашэнкам, асабістымі ў тым ліку. Яны настолькі кепскія, што для вырашэньня крызісу спатрэбілася пасярэдніцтва паміж Пуціным і Лукашэнкам. Такім пасярэднікам выступіў кіраўнік адной буйной расейскай палітычнай партыі (я, на жаль, не магу назваць яго імя).

Аднак прычына крызісу засталася. Расея субсыдавала шмат гадоў эканоміку Беларусі, паколькі лічылася , што Беларусь і Расея рушаць да зьліцьця ў адну дзяржаву. Аднак потым гэты рух да адзінай дзяржавы спыніўся зь ініцыятывы беларускага боку. У выніку для Расеі зьніклі матывы працягваць субсыдаваць беларускую эканоміку.

Прычын адмоваў беларускага кіраўніцтва ад пабудовы саюзнай дзяржавы некалькі. Па-першае, Аляксандар Лукашэнка ня бачыць свайго месца ў гэтай саюзнай дзяржаве. Стаць чыноўнікам, якога можа зьняць крамлёўскі начальнік, Лукашэнка ня хоча. Тэарэтычна, ён мог бы перамагчы на выбарах прэзыдэнта саюзнай дзяржавы, але расейская эліта, якая вельмі празаходняя, баіцца антызаходняга Лукашэнкі і не дапусьціць яго да ўдзелу ў свабодных выбарах прэзыдэнта саюзнай дзяржавы.

Ёсьць таксама заклапочанасьць і ў беларускага насельніцтва, што калі расейская мадэль прыйдзе ў Беларусь, то паўсацыялістычная мадэль сацыяльнай падтрымкі будзе разбураная, прыйдуць расейскія алігархі, усё раскрадуць, а на беларускім тэлебачаньні, як на расейскім, будуць правіць баль прастытуткі, бандыты і трансвэстыты.

Расея павінна скарэктаваць свае прапановы і перайсьці ад мадэлі “Беларусь як суб''ект фэдэрацыі ці 6 вобласьцяў” да больш памяркоўнай мадэлі, кшталту той, паводле якой абъядноўваліся Кітай і Ганконг – адна краіна, дзеьве сыстэмы.

Калі Лукашэнка будзе лічыць, што можна ня рушыць да саюзнай дзяржавы, але атрымліваць субсыдыі – тады будзе крызіс».
XS
SM
MD
LG