Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Беларусь з саюзных дачыненьняў пераходзяць на рынкавыя


Валер Каліноўскі, Менск У Маскве ў выніку перамоваў па нафтавых праблемах паміж урадамі Беларусі і Расеі, якія доўжыліся амаль двое сутак і некалькі разоў заходзілі ў тупік, у пятніцу ўвечары было падпісанае пагадненьне “Аб захадах па ўрэгуляваньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Расеі і Беларусі ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў”. Пагадненьне мае рынкавы характар. Расея прапаноўвала Беларусі працяг льготнага рэжыму, калі тая пагодзіцца на рэальнае фармаваньне саюзнай дзяржавы, прыняцьце Канстытуцыйнага акту і пяройдзе на расейскі рубель. Менск адмовіўся і абраў рынкавыя дачыненьні з Масквой замест інтэграцыйных.

Паводле падпісанага ў пятніцу пагадненьня, стаўка мыта на расейскую нафту для Беларусі ў памеры 53 даляраў за тону будзе дзейнічаць толькі сёлета, у наступным годзе гэтае мыта складзе 60 даляраў за тону, а ў 2009-м – 64 даляры.

Сёлета экспартнае мыта на нафтапрадукты, вырабленыя ў Беларусі з расейскай сыравіны, будзе дзяліцца ў прапорцыі 70% – Расеі, 30% – Беларусі, у наступным годзе – 80% Расеі, 20% Беларусі , у 2009 годзе – 85% Расеі, 15% Беларусі.

Паводле ацэнак незалежных беларускіх эканамістаў, у 2007 годзе беларускі бюджэт недаатрымае каля 2 мільярдаў даляраў у параўнаньні зь мінулым годам. Затое будзе загружаны нафтахімічны комплекс краіны. У наступныя гады рэжым гандлю нафтай будзе станавіцца яшчэ больш рынкавым.

Сяргей Сідорскі заявіў, што цягам перамоваў бакі ўважліва вывучалі тэму бізнэсу і магчымасьцяў працы расейскіх нафтавых кампаніяў, якія пастаўляюць сыравіну на беларускія НПЗ:

Сідорскі: “Тыя, хто займаецца пастаўкай, перапрацоўкай нафты, працуюць на зьнешніх рынках па-за межамі нашага расейска-беларускай эканамічнай прасторы, павіны быць задаволеныя той формулай, якая сёньня намі падпісаная і ўводзіцца ў дзеяньне з 1 студзеня 2007 году”.

Беларускі прэм’ер намагаўся вырашыць усе праблемныя пытаньні ў двухбаковым гандлі, каб дамагчыся вяртаньня ў рэжым без выключэньняў і абмежаваньняў. Але канчатковага рашэньня па іх няма, хаця спадар Сідорскі спадзяецца, што гэтыя праблемы будуць вырашаныя бліжэйшым часам. У прыватнасьці размова ішла пра пастаўкі беларускага цукру ў Расею, якія апошнім часам былі спыненыя. Застаюцца гандлёвыя прэтэнзіі і з расейскага боку.

Міхаіл Фрадкоў, падсумоўваючы перамовы, выказаў пажаданьне, што абмежаваньні ва ўзаемным гандлі будуць пераадольвацца.

Фрадкоў: “Рашэньні даліся нялёгка, на жаль, яны сталіся ў значнай ступені вынікам ускладненьня нашых адносін у гандлёва-эканамічнай сфэры. Але ўсё добра, што добра заканчваецца. Спадзяюся, што адпаведныя высновы ўсе зрабілі для таго каб не даводзіць да падобных сытуацый, бо гэта зьвязана з тымі наступствамі, якія невырашэньне падобных пытаньняў магло б суправаджаць нашы адносіны. Гэта мы здолелі цяпер пазьбегнуць”.

Такім чынам Расея і Беларусь пераходзяць на рынкавыя прынцыпы ў нафтавым бізнэсе. Раней быў выпрацаваны мэханізм паступовага пераходу Беларусі на рынкавыя кошты расейскага газу.

Незалежны менскі эканаміст Леанід Злотнікаў перакананы, што ў нафтавых пагадненьнях Расеі і Беларусі кампрамісу няма, Расея дамаглася свайго і фактычна прымусіла Беларусь выконваць ранейшыя пагадненьні аб падзеле экспартных мытаў нафтапрадукты , зь якіх Менск выйшаў у 2001 годзе.

Злотнікаў: “Зараз усё вярнулася ў прававыя рамкі пагадненьня 1995 года, як гэтага патрабавала Расея. Усе нафтапрадукты, якія йдуць зь Беларусі, павінны абкладацца экспартнай мытнай пошлінай і дзяліцца паводле пагадненьня паміж Беларусьсю і Расеяй. У сваіх адносінах зь Беларусьсю Расея цалкам прымусіла Беларусь. Што яна хацела зрабіць, тое і рэалізавала ў поўным аб’ёме”.

Паводле уласных разьлікаў спадара Злотнікава, сёлета беларускі бюджэт страціць прынамсі мільярд даляраў, у наступныя гады – яшчэ больш. Страціць і эканоміка ў цэлым, і асобныя грамадзяне:

Злотнікаў: “Узровень жыцьця беларусаў панізіцца ў гэтым годзе, але ў наступныя гады ён панізіцца яшчэ больш. Але ў Беларусі ёсьць магчымасьці правесьці такія рэформы, такі эканамічны манэўр, які нам цалкам дапаможа плаціць за энэрганосьбіты, як нашы суседзі ў Латвіі, Польшчы, Літве, але не страціць узровень жыцьця, а наадварот падвысіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG