Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праходзяць выбары ў мясцовыя саветы ў рэгіёнах?


Іна Студзінская, Менск Cёньня ў Беларусі працягваецца датэрміновае галасаваньне. За першыя тры дні датэрміновага галасаваньня па інфармацыі Цэнтравыбаркаму самымі актыўнымі аказаліся жыхары Гомельскай вобласьці – там датэрмінова прагаласавала чвэрць выбарцаў. У Віцебскай вобласьці прагаласавалі амаль 24%, у Менскай і Берасьцейскай – амаль па 20%. Што адбываецца ў рэгіёнах напярэдадні дня выбараў?

Берасьцейшчына. У Пінску дэмакратычныя кандыдаты Алесь Васільеў і Алесь Рамановіч правядуць дзень выбараў у пастарунку. Распавядае журналіст пінскай незалежнай газэты “Мясцовы час” Віктар Ярашук.

Ярашук: “Сядзіць Алесь Васільеў, якога асудзілі яшчэ ў аўторак, далі 7 сутак. За тое, што ён выпадкова трапіў на сход, на якім абіралі старшыняў і сакратароў участковых камісій, дзе ён пачуў, як райвыканкамаўскія работнікі казалі, каб прывозілі пасьля выбараў чыстыя пратаколы, толькі з подпісамі сябраў камісій, каб іх потым не перапісваць. І калі ён пра гэта заявіў, яго забралі, і суд “укаціў” 7 сутак арышту. Васільеў – кандыдат у дэпутаты гарадзкога Савета. А Алесь Рамановіч, якога ў пятніцу асудзілі на 5 сутак, кандыдат у дэпутаты аласнога Савета. І хутчэй за ўсё, Рамановіча забралі і асудзілі за тое, што ўчора адбылася сустрэча зь ягонай даверанай асобай – Аляксандрам Мілінкевічам. Але, нягледзячы на тое, што Рамановіча пасадзілі, сустрэча ўсё ж такі адбылася”.

Віцебшчына. Камісія абмяжоўвае журналісцкую працу Валерыя Шчукіна на выбарчым участку.

Старшыня выбарчае камісіі Ніна Шубіна заявіла журналісту "Народнае Волі" і праваабаронцу В.Шчукіну, што яму дазволена знаходзіцца на выбарчым участку №52 ня больш як адну гадзіну. Валер Шчукін выказаў пратэст з гэтае нагоды, бо лічыць, што выбарчыя камісіі ня маюць права рэглямэнтаваць час, патрэбны журналісту для падрыхтоўкі матэрыялу. Спадара Шчукіна папярэдзілі, што ў выпадку непадпарадкаваньня сябры выбарчае камісіі зьвернуцца ў міліцыю. Учора на ўчастак №52 прыехалі супрацоўнікі міліцыі і даставілі Шчукіна ў пастарунак. Там Валер Шчукін даведаўся, што супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа па другой частцы 189-га артыкула Крымінальнага кодэксу – "абраза, нанесеная ў публічным выступе або СМІ". Крымінальная справа была распачатая 26-га сьнежня 2006-га году паводле скаргі тае самае выбарчае камісіі з участка №52: чальцы камісіі палічылі асабістай абразай самаробныя ўлёткі Валерыя Шчукіна, якія ён распаўсюджваў сярод выбарцаў гэтага ўчастку.

Пра сытуацыю на Гарадзеншчыне распавядае Сяргей Астраўцоў.

Астраўцоў: “У Горадні за кратамі знаходзяцца пяцёра актывістаў: Максіма Губарэвіча і Андруся Фаміна суд пакараў арыштам — на чатыры і пяць дзён адпаведна, абодва яны давераныя асобы апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Былі затрыманыя таксама Станіслаў Пачобут, Яўген Скрабутан і Мікола Лемяноўскі, апошні зь іх — давераная асоба кандыдата ў дэпутаты гарсавету Сяргея Антусевіча. Іх да панядзелку будуць утрымліваць у ізалятары. Учора часова затрымлівалі Вольгу Смалянчук, у яе забралі пашпарт і адпусьцілі.

У Слоніме на адным з участкаў адсочвае сытуацыю Алесь Масюк. Паводле яго, некаторыя выбаршчыкі гаварылі, што іх паслала прагаласаваць датэрмінова начальства, каб на ўчастку былі добрыя лічбы. Сёньня да абеду прагаласавалі каля сарака чалавек, учора — прыблізна сто.

У Смаргоні сёньня ўдзельнік выбараў Алесь Дзергачоў наведаў участак, дзе балятуецца ў райсавет сацыял-дэмакратка Ірына Вештарт. Ён зрабіў заўвагу: скрынка для датэрміновага галасаваньня не была абклееная паперкай з роспісамі сябраў выбарчай камісіі. А, між тым, галасаваньне адбываецца ўжо чатыры дні. Гэтая хіба была адразу выпраўлена. У камісіях вельмі цяжка атрымаць зьвесткі адносна датэрміновага галасаваньня. Удалося, праўда, даведацца пра лічбы на ўчастку, дзе балятуецца беспартыйны кандыдат дэмакратычных поглядаў Уладзімір Сульжыцкі: з 1300 выбаршчыкаў датэрмінова прагаласавалі 330”.

У Воршы і Горадні зьявіліся ўлёткі без выходных дадзеных, у якіх – прамая абраза кандыдатаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Распавядае старшыня Гарадзенскай абласной філіі АГП Юрый Істомін.

Істомін: “З раніцы ўчора зьявіліся лістоўкі без выходных дадзеных. Яны прастаўляюць сабой ксэракопію маёй праграмы, а такасма вершы ўнізе супраць маёй кандыдатуры. Яны вісяць. Я сваёй каманзе даў каманду не здымаць гэтыя лістоўкі, таму што яны прыносяць, на мой погляд, больш пазытыву ля мяне, чым нэгатыву. Гэта рабілася на ксэраксе ў сярэдняй школе №26, дырэктарка якой балятуецца па маёй акрузе ў аблсавет”.

Карэспандэнтка: “А якім чынам вы гэта высьветлілі?”

Істомін: “Праз знаёмых у гэтай школе. Настаўнікі гэтай школы разьвешвалі гэтыя ўлёткі па акрузе”.

На Меншчыне дэмакратычныя кандыдаты сёньня наведалі выбарчыя ўчасткі, дзе праходзіла датэрміновае галасаваньне. Распавядае Міхал Стэльмак.

Стэльмак: “У Вялейцы, як паведаміў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімер Малярчук, многія выбарцы галасавалі за яго кандыдатуру:

Малярчук: “Я з аднаго участка вярнуўся. Бабулька прыйшла галасаваць. Тут мой канкурэнт – дырэктар вучэльні. Яна кажа: “Пакажыце, калі ласка, дзе не за дырэктара”. Калі б былі справядлівыя выбары, то я б іх выйграў”.

Апазыцыйныя кандыдаты Меншчыны лічаць, што цяперашнюю кампанію жорстка кантралявалі ўлады. Віктар Дашкевіч балятуецца ў Менскі абласны Савет на Капыльшчыне:

Дашкевіч: “Выбарчая кампанія ад самага пачатку ідзе па сцэнару чыноўнікаў. Толькі 26 сьнежня я дамогся, куды здаць сваю ўлётку для друкаваньня. 28-га мне патэлефанавалі і сказалі, што яна не падыходзіць, і яе трэба адрэдагаваць. Што тычыцца разьмяшчэньня гэтых улётак, то было паведамленьне ў раённай газэце, дзе іх можна разьмясьціць. То бок, там, дзе зьбіраецца маса людзей. На стэндах прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, сельскіх дамоў культуры, бібліятэк. Дык вось, зайшоў у адну краму, у другую – грудзьмі становяцца, маўляў, не дадзім там разьмясьціць, бо там наша інфармацыя. Паказваю газэту, дзе рашэньне райвыканкаму: “Чаму вы не выконваеце?” У адказ: “Нічога не ведаем. Вось калі наша начальства скажа, то тады мы і дазволім”.

Прысутнасьць міліцыянтаў на выбарчых участках Магілёва стала ўжо нормай. Разам з тым, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у сваіх камэнтарах неаднойчы адзначаў, што супрацоўнікі міліцыі павінны знаходзіцца у асобных пакоях выбарчага участку. На ўсіх выбарчых участках акругі, зазначае актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат ў дэпутаты Ірына Качарова, міліцыянты прысутнічалі непасрэдна ў памяшканьнях для галасаваньня. У выбарчых камісіях на заўвагу кандыдаткі спасылаюцца на загад міліцэйскага начальства.
XS
SM
MD
LG