Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Канец цытаты 08.01.2007—13.01.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў Свабоды за мінулы тыдзень.

Станіслаў Багданкевіч пра вынікі нафтавых перамоваў:

“Гэта яўная параза беларускага боку ў матэрыяльным пляне. Мы губляем мільярд даляраў на газе, мільярд на нафце ды плюс 70 адсоткаў ад даходу з экспарту нафтапрадуктаў – гэта поўны пройгрыш беларускага боку”.

Аляксандар Мілінкевіч пра пераход да рынкавых дачыненьняў з Масквой:

“Столькі гадоў Беларусь мела проста цудоўныя ўмовы, танныя энэрганосьбіты, і нічога не зрабілі, каб падрыхтавацца. Цяпер неабходныя тэрміновыя рэформы, бо кошты на газ і нафту ў наступныя гады стануць яшчэ большымі. Пытаньне ў тым, ці здольная цяперашняя ўрада зрабіць гэтыя рэформы. Хутчэй за ўсё – не, крэдыт даверу да гэтай улады вельмі нізкі”.

Юрась Беленькі пра праект БНФ пачатку 90-ых гадоў ў справе будаўніцтва Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару:

“Праблема на шляху рэалізацыі гэтага праекту паўстала толькі адна: да ўлады ў Беларусі прыйшоў прарасейскі рэжым і, адпаведна, памянёныя пляны стаў разбураць -- не тое каб рэалізоўваць. Канечне, калі б тады ўладу здабылі беларускія сілы, Балта-Чарнаморскі праект быў бы даўно зрэалізаваны і мы ня мелі б такіх сур’ёзных праблем, якія маем у галіне энэргетыкі сёньня”.

Віталь Портнікаў, публіцыст – пра высновы з беларуска-расейскага паліўнага канфлікту:

“Высьветлілася, што расейцы і беларусы, гэтак жа, як год таму расейцы і ўкраінцы - мы і яны, свае і чужыя, тыя, хто прадае, і тыя, хто купляе, тыя, хто можа сагрэцца, і тыя, хто можа замёрзнуць, тыя, хто ставіць умовы, і тыя, хто не прымае гэтыя умовы і гатовы да выпрабаваньняў. Пасьля гэтага казаць пра саюзную дзяржаву, пра братэрства і наагул пра нейкія саюзьніцкія дачыненьні не выпадае”

Былы брытанскі выведнік, пісьменьнік Джон Ле Карэ ў інтэрвію газэце La Repubblica:

“Расея ўжо зразумела, што газ і нафта ў якасьці зброі нашмат больш эфэктыўныя, чым ядзерная зброя”.

New York Times:

“... якімі б разумнымі ні былі мэты Расеі, яе шантаж і капрызныя паводзіны, плюс няўстойлівыя ўзаемадачыненьні з транзытнымі краінамі, таксама легкадумнае стаўленьне да эўрапейскіх спажыўцоў зусім абгрунтавана выклікаюць трывогу ў эўрапейскіх лідэраў”.

Сябра Грамадзкай палаты пры прэзыдэнце Расеі, палітоляг Сяргей Маркаў пра пэрспэктыву ўзаемаадносінаў Расеі і Беларусі:

“Расея павінна скарэктаваць свае прапановы і перайсьці ад мадэлі “Беларусь як суб''ект фэдэрацыі ці 6 вобласьцяў” да больш памяркоўнай мадэлі, кшталту той, паводле якой абъядноўваліся Кітай і Ганконг – адна краіна, дзьве сыстэмы”

Нямецкі палітоляг Аляксандар Рар пра верагоднасьць уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі: “Я думаю, такое разьвіцьцё падзей нельга выключыць. З усіх былых савецкіх рэспублікаў, я кажу нават не пра беларускую эліту, а пра шырокі беларускі народ, у Беларусі да сёньняшняга дня існуюць найбольшыя сымпатыі да ідэі вельмі цеснага, як мага больш цеснага збліжэньня з Расеяй і нават інтэграцыі. Але такая інтэграцыя ня можа ажыцьцяўляцца элітамі, яна ўсё-ткі павінна атрымаць поўны вотум даверу праз рэфэрэндум у Беларусі і ў Расеі. Але калі такі рэфэрэндум будзе і эканамічная сытуацыя ў Расеі будзе лепшая, чым у Беларусі, а брама Беларусі ў Эўрапейскі зьвяз будзе зачыненая, я цалкам магу сабе ўявіць, што настроі беларусаў для ўзьяднаньня з Расеяй будуць мацнець”.

Жыхар горадні спадар Юльян пра ўдзел у мясцовых выбарах:

“Жыцьцё выдатнае, нармальнае. Чаго мне хадзіць? За мяне думаюць абраныя дэпутаты”.

Прэм’ер-міністар Польшчы Яраслаў Качыньскі пра намер пазбавіць былых супрацоўнікаў “рэпрэсійнага апарату ПНР” пэнсійных і іншых прывілеяў:

“Гэтая ініцыятыва адказвае на вялікую патрэбу нашага грамадзтва – патрэбу справядлівасьці. Ня можа быць так, што мы асуджаем цяпер людзей, якія супрацоўнічалі са спэцслужбамі і яны, натуральна вінаватыя, але не зьвяртаем увагі на тых, хто гэтыя спэцслужбы ствараў і імі кіраваў. Больш таго, яны да сёньняшняга дня маюць прывілеі, напрыклад высокія пэнсіі”.
XS
SM
MD
LG