Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Бялкоўскі: “Беларусь будзе ўсё больш мяняць свой нацыянальны праект”


Юры Дракахруст, Масква Беларуска-расейскі крызіс, падпісаныя пагадненьні па гандлёвых пытаньнях і пэрспэктывы двухбаковых адносінаў камэнтуе палітоляг Станіслаў Бялкоўскі.

Бялкоўскі: «У эканамічным пляне падпісаныя пагадненьні ўвасабляюць кампраміс паміж палярнымі пазыцыямі бакоў: пазыцыяй Лукашэнкі, што ўсё павінна заставацца як ёсьць, і пазыцыі Ўладзіміра Пуціна, паводле якой Беларусь, у прынцыпе, павінна пазбавіцца эканамічных прэфэрэнцыяў, якія выцякалі зь яе ролі ў саюзнай дзяржаве, з самога факту існаваньня гэтай саюзнай дзяржавы хаця б на паперы.

Але ў геапалітычным сэнсе гэта чарговая параза Расеі, бо крах сумеснага расейска-беларускага праекту, страта Беларусьсю статусу саюзьніка Расеі азначае, што Расея разьвіталася са статусам рэгіянальнай дзяржавы. На постсавецкай прасторы не засталося ніводнага рэжыму, які крыніцай сваёй легітымнасьці лічыў бы Маскву. Лукашэнка быў апошнім. І Расея зь першай геапалітычнай лігі, дзе знаходзяцца рэгіянальныя дзяржавы, перайшла ў другую. Яна застаецца вельмі буйной і багатай рэсурсамі, але правінцыйнай краінай, чыя геапалітычная роля ненашмат большая, чым роля Беларусі ці Туркмэністану.

Прычына канфлікту была ў тым, што Ўладзімер Пуцін ня мысьліць у геапалітычных катэгорыях. Паводле сваёй жыцьцёвай філязофіі ён не палітык, а бізнэсовец, і ён вырашыў пытаньне беларуска-расейскіх адносінаў як бізнэсовец, а не палітык, і тым больш не геапалітык. Істотным фактарам канфлікту былі асабістыя адносіны Пуціна і Лукашэнкі. Для Пуціна асабістыя адносіны – гэта вельмі важны чыньнік. Гэта – людзі з розных плянэтаў, з рознымі арыенцірамі і ідэаламі. Крызіс стаў кропкай максімуму некалькіх сыстэмных канфліктаў паміж пуцінскай Расеяй і лукашэнкаўскай Беларусьсю.

Так што адкрыты канфлікт быў непазьбежным, і ён павінен быў адбыцца менавіта зараз, бо пачынаць нафта-газавую вайну зь Беларусьсю напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі, калі такая вайна магла б нэгатыўна адбіцца на рэйтынгу пераемніка, Пуцін ужо ня мог. Ён скарыстаўся апошняй магчымасьцю пасварыцца зь Беларусьсю.

Далей адносіны будуць паступова пагаршацца. Беларусь будзе імкнуцца захаваць становішча, у прыватнасьці, ня ставіць Расею у вядомасьць пра некаторыя свае крокі, напрыклад, у пытаньні рээкспарту нафты і газа. Але паралельна Беларусь будзе ўсё больш мяняць свой нацыянальны праект. На саюзнай дзяржаве пастаўлены крыж, Аляксандар Лукашэнка вымушаны перайсьці да фарсіраванай пабудовы нацыянальнай дзяржавы насуперак саюзнай дзяржаве, Савецкаму саюзу ў мініяцюры, што было сьцягам яго палітыкі на працягу амаль 12 гадоў. І Лукашэнка будзе шукаць саюзьніцтва як з эўрапейскімі краінамі, што будзе цяжка з улікам яго рэпутацыі, гэтак і з краінамі былога СССР, найперш з Украінай і Азэрбайджанам. Беларусь стане адным з удзельнікаў нефармальнага картэлю постсавецкіх спажыўцоў расейскіх энэргарэсурсаў і фактычна – праціўнікам Расеі як у нафтагазавых пытаньнях, гэтак і ў рэштках геапалітычных пытаньняў, якія яшчэ цікавяць постсавецкія дзяржавы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG