Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ірыне Міхайлаўне Быкавай спаўняецца 80 гадоў


Сяргей Навумчык, Прага Чвэрць стагодзьдзя яна была побач з Васілём Быкавым, -- і ў Менску, і ў няпростыя гады на чужыне, і ў апошнія хвіліны жыцьця ў Бараўлянах. Сёньня Ірына Міхайлаўна Быкава зьберагае літаратурную спадчыну пісьменьніка.

Прыгадваючы сваю працу ў гарадзенскай абласной газэце і першыя крокі ў літаратуры, у “Доўгай дарозе дадому” Васіль Уладзімеравіч пісаў пра супрацоўніцу аддзелу культуры Ірыну Сувораву: “Ірына Міхайлаўна... стала першым і дужа прыдзірлівым крытыкам усяго мной напісанага. Цяпер я ёй за тое вельмі ўдзячны, хаця тады часам і крыўдзіўся”.

Ірына Міхайлаўна бачыла і цкаваньне Быкава, і ўсясьветную славу пісьменьніка, яна была побач зь ім ва ўтульнай менскай кватэрцы на Танкавай і ў часам камфортных, часам няўтульных, але – чужых пакоях у вымушаным замежжы.

Так, Ірына Міхайлаўна была першым чытачом ўсіх твораў Быкава, але мне падаецца, што ў немалой ступені яна і ўплывала на яго творчасьць. А пасьля сьмерці прысьвяціла сябе ўпарадкаваньню ягонага архіву, зьбіраньню – у літаральным сэнсе, па ўсім сьвеце, -- ягоных рукапісаў і лістоў. Пры суцэльнай адсутнасьці падтрымкі з боку дзяржавы, пры паказной абыякавасьці з боку ўладаў. Магу сказаць як укладальнік кнігі "Быкаў на Свабодзе", якая вытрымала два выданьні -- кніга пабачыла сьвет дзякуючы дапамозе Ірыны Міхайлаўны. І практычна ўсе надрукаваныя творы Быкава ў “Дзеяслове” апублікавала яна.

Барыс Пятровіч, галоўны рэдактар часопісу “Дзеяслоў” : “Шчыра прызнацца, мяне перапаўняюць пачуцьці. Мне ня верыцца цяпер, што яшчэ пяць гадоў таму я ня ведаў Ірыну Міхайлаўну, а сёньня я проста закаханы ў гэтую мілую і шчырую, гэтую мужную жанчыну. Васіль Уладзімеравіч ніколі і ні ў чым не памыляўся. Не памыліўся ён і ў выбары сваёй спадарожніцы. Беларусь і Беларушчына заўсёды трымаліся на жанчынах. Можна сказаць -- "на жаль". А трэба сказаць -- "на шчасьце". Усё, што робіцца сёньня дзеля памяці Васіля Ўладзімеравіча, робіцца шчырай працай Ірыны Міхайлаўны. Я ведаю, што ледзь ня кожны дзень бывае яна і на магілцы свайго мужа. Мяне ўражвае бязьмежная сьціпласьць і працавітасьць Ірыны Міхайлаўны. Яна адна працуе за акадэмічны інстытут. Думаю, што з часам нашчадкі ацэняць гэтую яе працу. Дарагая Ірына Міхайлаўна! Апошнім часам у Вашым голасе я пачаў заўважаць ноткі стомленасьці. Мы ўсё разумеем. Тое, што адбываецца зараз -- несправядліва ў адносінах да памяці Васіля Ўладзімеравіча. Дзяржава паводзіць сябе брыдка і непрадказальна. Але -- цярпеньня Вам, Ірына Міхайлаўна! Не перажывайце. Не зважайце на час і на тыя "сюрпрызы", што падкідвае Вам і нам жыцьцё. Трымайцеся! Трэба жыць, Ірына Міхайлаўна. У Вас наперадзе яшчэ шмат-шмат такой патрэбнай беларускай нацыі працы. Здароўя, здароўя, здароўя Вам, Ірына Міхайлаўна, шчасьця. А плён будзе. Я веру, што тыя зьмены, пра якія так марыў, дзеля якіх жыў і працаваў Васіль Уладзімеравіч, пра якія марыце Вы, Ірына, Міхайлаўна -- блізка. Зусім блізка. Дажывем!”

Гасьціннасьць Быкавых мне пашанавала спазнаць і ў Менску, і ў Выпэрсдорфе, і ў Франкфурце. Ірына Міхайлаўна звычайна не жадала ўмешвацца ў размову – але яе рэплікі былі заўсёды трапнымі, назіраньні дакладнымі, вельмі часта – з тонкай іроніяй. Яна чытала вельмі шмат і цудоўна арыентавалася ў падзеях. У Празе, на жаль, тэма гутарак у апошнія месяцы была сумнай – пра здароў’е Васіля Уладзімеравіча. Ірына Міхайлаўна была побач з Васілём Уладзімеравічам у самыя цяжкія для яго хвіліны. Але сёньня мне прыгадваюцца ранейшыя часы, калі Васіль Уладзімеравіч быў бадзёры, калі, калі ягоныя вочы сьвяціліся шчасьцем.. Увогуле, калі бачыў іх абодвух, пераконваўся, што для сапраўднага каханьня не існуе ўзросту – ў гэтым сэнсе Васіль Уладзімеравіч, канешне, быў шчасьлівым чалавекам.

У гісторыі літаратуры ёсьць прыклады выключнай адданасьці жонак творчасьці сваіх мужоў, -- Алена Булгакава, Надзея Мандэльштам, Уладзіслава Луцэвіч, жонка Янкі Купалы... У гэтым шэрагу – і Ірына Міхайлаўна Быкава. Мы ўдзячныя ёй за тое, што яна робіць дзеля літаратуры, дзеля нашчадкаў, якія і праз сто, і праз дзьвесьце гадоў будуць зьвяртацца да творчасьці Быкава.
XS
SM
MD
LG