Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В.Портнікаў: За некалькі дзён абрынуўся міт аб саюзнай дзяржаве


Юры Дракахруст, Масква Падпісаную ўчора беларуска-расейскую дамову па нафтавым пытаньні, а таксама хаду цяперашняга беларуска-расейскага крызысу камэнтуе публіцыст і аналітык Віталь Портнікаў.

Портнікаў: «У расейска-беларускага канфлікту ёсьць два складнікі. Гэта - эканамічныя набыткі і прапагандысцкія страты. Шляхам эскаляцыі прапаганды, абмену абвінавачваньнямі Расея з аднаго боку здолела дамагчыся ўвядзеньня мыта на нафту, якая паступае ў Беларусь, а Беларусь з другога боку, здолела дамагчыся зьменшыць памеры гэтага мыта калі не да прымальных памераў, то прынамсі да памераў, якія выключаюць імгнены крах сучаснай беларускай эканомікі.

Але прапагандысцкі складнік, як падаецца, не на карысьць ні Маскве, ні Менску. Літаральна за некалькі дзён на вачах у зьдзіўленых беларускіх і расейскіх тэлегледачоў абрынуўся міт апошняга дзесяцігодьдзя - міт аб саюзнай дзяржаве. Высьветлілася, што расейцы і беларусы, гэтак жа, як год таму расейцы і ўкраінцы - мы і яны, свае і чужыя, тыя, хто прадае, і тыя, хто купляе, тыя, хто можа сагрэцца, і тыя, хто можа замёрзнуць, тыя, хто ставіць умовы, і тыя, хто не прымае гэтыя умовы і гатовы да выпрабаваньняў. Пасьля гэтага казаць пра саюзную дзяржаву, пра братэрства і наагул пра нейкія саюзьніцкія дачыненьні не выпадае.

Але я дапускаю, што такія размовы і з боку Ўладзімера Пуціна, і з боку Аляксандра Лукашэнкі мы яшчэ ня раз пачуем. Але цяпер ужо ня толькі экспэрты і палітычна сьвядомая частка грамадзтва, але і любы псыхічна нармальны чалавек паставіцца да іх зь лёгкай доляй сарказму».
XS
SM
MD
LG