Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Беларусь пераходзяць на рынкавыя прынцыпы ў нафтавым бізнэсе


Юры Дракахруст, Масква, Валер Каліноўскі, Менск У Маскве ў выніку перамоваў па нафтавых праблемах паміж урадамі Беларусі і Расеі, якія доўжыліся амаль двое сутак і некалькі разоў заходзілі ў тупік, у пятніцу ўвечары было падпісанае пагадненьне “Аб захадах па ўрэгуляваньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Расеі і Беларусі ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў”.

Паводле пагадненьня, стаўка мыта на расейскую сырую нафту, што ідзе ў Беларусь, будзе роўная долі мыта на нафтапрадукты, якія Беларусь вырабляе з сырой нафты і пастаўляе на Захад. З тлумачэньняў прадстаўнікоў расейскага ўрада вынікае, што калі прынцып сувязі мыта на сырую нафту і нафтапрадукты мяркуецца вытрымліваць два наступныя гады, то экспартнае мыта ў памеры 53 даляраў за тону будзе дзейнічаць толькі сёлета, у наступным годзе гэтае мыта складзе 60 даляраў за тону, а ў 2009-м – 64 даляры за тону.

Сёлета экспартнае мыта на нафтапрадукты, вырабленыя ў Беларусі з расейскай сыравіны, будзе дзяліцца ў прапорцыі 70% -- Расеі, 30 % -- Беларусі, у наступным годзе – 80% Расеі, 20% Беларусі , у 2009 годзе – 85% Расеі, 15% Беларусі.

Сяргей Сідорскі на выніковай прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што цягам перамоваў бакі ўважліва вывучалі тэму бізнэсу і магчымасьцяў працы расейскіх нафтавых кампаніяў, якія пастаўляюць сыравіну на беларускія НПЗ:

Сідорскі: “Тыя, хто займаецца пастаўкай, перапрацоўкай нафты, працуюць на зьнешніх рынках па-за межамі нашага расейска-беларускай эканамічнай прасторы, павіны быць задаволеныя той формулай, якая сёньня намі падпісаная і ўводзіцца ў дзеяньне з 1 студзеня 2007 году”.

Беларускі прэм’ер на гэтых перамовах намагаўся вырашыць усе праблемныя пытаньні ў двухбаковым гандлі, каб дамагчыся вяртаньня ў рэжым без выключэньняў і абмежаваньняў. На гэты момант канчатковага рашэньня па іх няма, адпаведнае пагадненьне сёньня было толькі парафіраванае. Але спадар Сідорскі спадзяецца, што гэтыя праблемы будуць вырашаныя бліжэйшым часам. У прыватнасьці размова ішла пра пастаўкі беларускага цукру ў Расею, які апошнім часам быў спынены.

Міхаіл Фрадкоў, падсумоўваючы перамовы, таксама зазначыў, што абмежаваньні ва ўзаемным гандлі будуць паступова пераадольвацца.

Фрадкоў: “Рашэньні даліся нялёгка, на жаль, яны сталіся ў значнай ступені вынікам ускладненьня нашых адносін у гандлёва-эканамічнай сфэры. Але ўсё добра, што добра заканчваецца. Спадзяюся, што адпаведныя высновы ўсе зрабілі для таго каб не даводзіць да падобных сытуацый, бо гэта зьвязана з тымі наступствамі, якія невырашэньне падобных пытаньняў магло б суправаджаць нашы адносіны. Гэта мы здолелі цяпер пазьбегнуць”.

Першы канал Беларускага тэлебачаньня заявіў, што ў Маскве “быў падпісаны беларускі варыянт пагадненьня”.

Паводле ацэнак незалежных беларускіх эканамістаў, у 2007 годзе беларускі бюджэт недаатрымае каля 2 мільярдаў даляраў у параўнаньні з мінулым годам. Затое будзе загружаны нафтахімічны комплекс краіны. У наступныя гады рэжым гандлю нафтай будзе станавіцца яшчэ больш рынкавым.

Такім чынам Расея і Беларусь пераходзяць на рынкавыя прынцыпы ў нафтавым бізнэсе. Раней быў выпрацаваны мэханізм поўнага пераходу Беларусі на рынкавыя кошты прыроднага газу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG