Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы ў Маскве: абодва бакі задаволеныя


Юры Дракахруст, Масква Прадстаўнікі абодвух ўрадаў, якія вялі напружаныя перамовы на працягу двух сутак, выказваюць задавальненьне дасягнутым вынікам і тлумачаць яго зьмест.

Падпісанае пагадненьне ў сфэры ўрэгуляваньня супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў павінна задавальняць як пастаўшчыкоў, гэтак і спажыўцоў нафты і нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы Беларусі – заявіў па выніках перамоваў у Маскве прэм''ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі. Ён падкрэсьліў, што новая формула экспартнага мыта на пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь і на экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі ўводзіцца зваротнай датай ад 1 студзеня.

Прынцып дзеяньня гэтай формулы патлумачыў расейскі прэм''ер Міхаіл Фрадкоў. Паводле яго, стаўка мыта на расейскую сырую нафту, што ідзе (дарэчы ўжо пайшла) у Беларусь, будзе роўная долі мыта на нафтапрадукты, якія Беларусь вырабляе з сырой нафты і пастаўляе на Захад.

Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын назваў адпаведныя каэфіцыенты пераліку, зь якіх вынікае, што сёлета экспартнае мыта на нафтапрадукты будзе дзяліцца ў прапорцыі 70% Расеі, 30 % Беларусі, у наступным годзе – 80% Расеі, 20% Беларусі , у 2009 годзе – 85% Расеі, 15% Беларусі.

Дарэчы з тлумачэньняў Фрадкова і Кудрына вынікае, што калі прынцып сувязі мыта на сырую нафту і нафтапрадукты мяркуецца вытрымліваць два наступныя гады, то экспартнае мыта ў памеры 53 даляраў за тону будзе дзейнічаць толькі сёлета. Паводле формулаў, прыведзеных Кудрыным , у наступным годзе гэтае мыта складзе 60 даляраў за тону, у 2009 – 64 даляры за тону.

«Усё добра, што добра канчаецца!» – так ахарактарызаваў вынікі перамоваў зь беларускім ўрадам прэм''ер Расеі Міхаіл Фрадкоў.

Ён заявіў, што бакі вярнуліся да ўмоваў мытнага саюзу, заключанага ў 1995 годзе. Варта адзначыць, што беларускі бок уяўляў гэтыя ўмовы крыху інакш – як адсутнасьць мытных збораў ва ўзаемным гандлі. 53 даляры за тону нафты, гэта ўсё ж ня нуль , але і ня 180 даляраў, на чым расейцы настойвалі раней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG