Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 12 студзеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Блогер парталу Telegraf.by Аляксандар Брэчак піша: “Энэргетычны крызыс прадэманстраваў, што беларускія грамадзяне, у адрозьненьне ад многіх сваіх начальнікаў, не адчуваюць сябе часткаю Расеі, яе дзяржавы і палітычнай сыстэмы. Заўважце, на форумах і ў паўсядзённым жыцьці адкрыта прарасейскіх настрояў сярод беларусаў практычна не сустракалася, і нават наадварот, верагодная пагроза незалежнасьці краіны зьяднала нават тыя слаі беларускага грамадзтва, пра маральнае аб’яднаньне якіх раней не магла ісьці гаворка”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць аналітычны артыкул брытанскай мэдыя-карпарацыі BBC пра стан беларускай эканомікі. Публікацыя завяршаецца словамі пра тое, што “доўгія гады Масква фундавала беларускую эканоміку, падтрымліваючы яе таннымі нафтай і газам. Але ці значыць гэта, што Лукашэнка будзе гатовы ўвесьці падабенства рынку праз рэформы, якім ён так упарта супраціўляўся? Пра гэта можна толькі гадаць”. Камэнтары: “Дзяржава мусіць ажыцьцяўляць рэгуляваньне ў адносінах да сваіх прадпрыемстваў. Але яна ня можа загадваць прыватніку, колькі ён мае права патраціць. Вось вам і асаблівасьці рэгуляванага рынку”; “Калі б не палітыка Лукашэнкі – мы па эканамічным разьвіцьці цяпер былі б на ўзроўні Польшчы альбо Чэхіі! "Заслуга" Лyкашэнкі адно ў тым (гэта яшчэ Казулін казаў), што ён не раскраў усё дашчэнту (нам трохі пакінуў)".

На старонцы "Наша Ніва" публікуюцца хроніка рэпрэсіяў уладаў супраць дэмакратычных актывістаў. У сьпісе каля трыццаці чалавек. Водгук на сайце за подпісам orangevaja:

мацуйся, краiна! усе мы пацiху прачнуцца павiнны ад гэтага лiха! сьцяг белы з чырвонаю стужкай заўецца, тваё набалелае сэрца заб''ецца i неверагоднае стане магчымым -- ты будзеш свабоднаю, Мацi-Радзiма!

На сайце Міністэрства ўнутраных справаў цікаўныя могуць пазнаёміцца з астралягічным прагнозам для пешаходаў і кіроўцаў, рэпрэзэнтаваным Упраўленьнем дзяржаўтаінспэкцыі. Так, паводле міліцыі, зоркі на бліжэйшыя суткі – 13 студзеня – прадказваюць спрыяньне тым, хто рушыць у далёкі шлях, каб сустрэцца зь блізкімі людзьмі. “Крытычныя сытуацыі могуць узьнікнуць раптоўна. … У момант небясьпекі важна адрэагаваць, не марудзячы. Таму ў скрайне невыгодным становішчы могуць апынуцца людзі, што дзейнічаюць паводле звычкі, альбо схільныя да панікі”, – прадракае ДАІ.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266 39 52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG