Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ф.Лук’янаў: “Лукашэнка ва ўсёй гэтай калізіі выступае, як камікадзэ”


Юры Дракахруст, Масква Ці могуць скончыцца правалам перамовы Сідорскага і Фрадкова? Ці можа Беларусь зрабіць крокі, у выніку якіх транзыт ізноў будзе перакрыты? Ці будзе пасьля цяперашняга крызісу Масква шукаць альтэрнатыву Лукашэнку? Свае адказы на гэтыя пытаньні прапануе рэдактар часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў.

Дракахруст: «Спадар Лук''янаў, ці могуць перамовы Сідорскага і Фрадкова, якія ідуць другі дзень, наагул сарвацца?»

Лук''янаў: «Расея на перамовах зь Беларусьсю займае вельмі жорсткую пазыцыю. Праблема палягае ў тым, што жорсткай тут зьяўляецца фактычна любая расейская пазыцыя. Пуцін справядліва казаў, што цана на газ для Беларусі хаця і ўдвая вышэйшая, чым была, але мінімальная з усіх, якія ёсьць. Расея ня можа дазволіць сабе пайсьці на сур''ёзныя саступкі, калі ня будзе моцных крокаў з боку Менску ці ў галіне саюзнага будаўніцтва, ці ў выглядзе перадачы ўласнасьці».

Дракахруст: «Фёдар, а ці можа здарыцца так, што калі перамовы сарвуцца, то Лукашэнка ізноў увядзе транзытнае мыта ці зробіць нешта іншае, што зробіць немагчымым нафтавы расейскі транзыт у Эўропу? Што будзе пры гэтым зь Беларусьсю – страшна падумаць, але рэпутацыя Расеі як надзейнага пастаўніка энэргарэсурсаў Эўропе будзе таксама цалкам зьнішчаная».

Лук''янаў: «Я лічу, што гэта ня выключана. Лукашэнка ва ўсёй гэтай калізіі выступае, як камікадзэ. На што ён разьлічвае – не ў бліжэйшай, а ў сярэднятэрміновай пэрспэктыве – мне незразумела. Пасварыцца з краінай, ад якой Беларусь так моцна залежыць, пры тым што за заходняй мяжой яго ніхто не чакае – мне незразумела, на што ён разьлічвае.

Але ён чалавек азартны, і калі закрануты ягоны гонар, то ён, насуперак розуму, можа зрабіць пэўныя дзеяньні. Ён выдатна разумее, што паўтарэньне зрыву паставак будзе для Расеі больш катастрафічным, чым для Беларусі. Наагул, нягледзячы на спробы расейскай прапаганды падаць рэакцыю Эўразьвязу як рэакцыю крытычную адносна Менску, гэта не адпавядае рэчаіснасьці.

Пазыцыя Эўразьвязу для Расеі вельмі нявыгадная. Эўропа кажа – нам усё роўна, хто там вінаваты, але з усходу – адны непрыемнасьці. Тое, як расейскія кіраўнікі паводзяць сябе, сьведчыць пра тое, што яны выдатна разумеюць, што рэпутацыйныя выдаткі кладуцца найперш на Расею, а не на транзытныя дзяржавы. Тым больш, што такой дзяржаве, як Беларусь, губляць у гэтым сэнсе няма чаго. Беларусь гэта таксама разумее.

Тут з аднаго боку сутычка гонараў, бо Расея ўжо і зараз адчувае сябе пакрыўджанай і абражанай , а з другога боку – меркаваньне рацыянальнага разьліку, бо паўтарэньне такіх збояў у пастаўках будзе павялічваць праблемы Расеі ў гэамэтрычнай прагрэсіі».

Дракахруст: «Ці могуць цяперашнія канфлікты зь Менскам прывесьці да таго, што Масква пачне бачыць ці шукаць у Беларусі кагосьці акрамя Лукашэнкі?»

Лукъянаў: «Любая зьмена ўлады ў Беларусі, хто б ні прыйшоў замест Лукашэнкі, прынцыпова мяняе ўсю сытуацыю. У Маскве справядліва лічаць, што любая зьмена рэзка зрушыць Беларусь у бок Захаду, проста таму, што адкрыюцца магчымасьці, якіх за ўсе гэтыя 15 гадоў проста не было.

Але, да таго ж, базавая праблема расейскай палітыкі – нежаданьне ў замежных краінах бачыць кагосьці, акрамя дзейнай улады. Прычым гэта тычыцца ня толькі дружалюбных ці квазідружалюбных краінаў, скажам, Лукашэнкі ці Карымава, але і краінаў, рэжымы якіх ёй глыбока несымпатычныя.

Я дакладна ведаю, што яшчэ перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2001 годзе ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі дакладна ўяўлялі сабе, што ад Лукашэнкі наўрад ці штосьці калісьці выйдзе атрымаць. Але на пытаньне, чаму ж Расея не спрабуе пашукаць што-небудзь лепшае, чыноўнікі адказвалі – а дзе ж яго ўзяць, маўляў, быў бы гарантаваны прарасейскі кандыдат з шанцамі на перамогу, мы б падумалі. Але ставіць на невядома каго мы ня можам, бо ён прайграе, і будуць жахлівыя страты.

Зараз сытуацыя тая самая. На мой погляд, узорны прыклад недальнабачнасьці – гэта стаўленьне Расеі нават не да Мілінкевіча, на якога тут адразу наляпілі ярлык заходняй марыянэткі, але ёсьць жа і Аляксандар Казулін. Зараз ён за кратамі, але да выбараў ён часта бываў у Маскве, спрабуючы атрымаць расейскую падтрымку. Дзе толькі ён ня выступаў, даводзячы, што ён сябра Расеі. Я мяркую, што паводле сваіх намэнклятурных "тэхніка-тактычных" характарыстык ён бы падышоў. Але ніякай падтрымкі ад Расеі ён не атрымаў, хаця на Захадзе і ў колах беларускай апазыцыі яго лічылі крэатурай Масквы, мэта якой – разбураць адзінства празаходняй апазыцыі. Пасьля яго арышту і асуджэньня Масква ані разу не раскрыла рот і не варухнула пальцам, каб абазначыць нейкае да яго стаўленьне. Скончылася тым, што такое стаўленьне прадэманстравалі ЗША, якія раней ставіліся да Казуліна зь вялікім падазрэньнем.

І чаго тады Расея можа чакаць у выпадку дэстабілізацыі рэжыму Лукашэнкі? Калі становішча ў Беларусі зьменіцца і зьявіцца пэрспэктыва зьмены прэзыдэнта, Расея апынецца ў вельмі нявыгаднай сытуацыі. І ківаць на прошукі Захаду будзе недарэчна».
XS
SM
MD
LG