Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: чым скончыцца гандлёва-энэргетычная вайна з Расеяй?


Альгерд Невяроўскі, Менск Хто вінаваты ў разьвязаньні гандлёва-энэргетычнай вайны з Расеяй і як вынікі гэтага супрацьстаяньня адаб’юцца на людзях? Гэтае пытаньне тыдня беларускай “Свабоды” мінакам у раёне менскай Юбілейнай плошчы задаваў наш карэспандэнт.

Спадарыня: “Узьнімуцца цэны на ўсе віды прадукцыі, на камунальныя выплаты – адназначна. Беларусам давядзецца зацягнуць паясы. А хто вінаваты – зьверху больш бачна”.

Спадар: “На нас адаб’ецца самым непасрэдным чынам. Падаражэюць энэргарэсурсы, а нам трэба будзе прадаваць у Расею тавары за ранейшыя цэны. Інакш іх ніхто ня купіць. Вельмі кепска на нас адаб’ецца”.

Дзяўчына: “Вінаватыя ўсе. А скончыцца, відаць, кепска”.

Яе сяброўка: “Спадзяёмся на добрае. Але на Расею цісьне Эўропа, а мы, няведама чаму, занадта ўпартыя. Будзем шмат плаціць за газ”.

Спадарыня: “Больш вінавата Расея. Але скончыцца ўсё нармальна”.

Спадар: “Яны мусяць адкінуць усе свае імпэрскія амбіцыі й падумаць пра звычайнага чалавека”.

Хлопец: “Я думаю, гэта ніяк не адаб’ецца на простым чалавеку, бо ў нас ёсьць сувязі зь іншымі краінамі”.

Спадарыня: “Кепска адаб’ецца на простых людзях. Але ня ведаю: адзін бок паслухаеш – быццам, тыя вінаваты, Беларусь паслухаеш – расейцы вінаваты”.

Спадар: “Пераможа Расея. А для нас гэта скончыцца стратай важнага рэсурсу – кшталту “Белтрансгазу”.

Спадарыня: “Вінавата Беларусь. Хопіць падманваць Расею. Там таксама ня дурні. І ня трэба сябе разумным лічыць”.

Спадар: “Беларускі рэжым здасца на міласьць Расеі”.

Спадар: “У выніку ўсё скончыцца аншлюсам. У Пуціна будзе шанец пайсьці на трэці тэрмін у рамках кіраўніка аб’яднанай дзяржавы. А народу лепей ня будзе. Будуць служыць беларускія хлопцы дзе-небудзь на Алтаі ці на Каўказе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG