Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пазыцыі бакоў на нафтавых перамовах у Маскве?


Юры Дракахруст, Масква Афіцыйнай інфармацыі пра хаду перамоў пакуль няма, але некаторыя зьвесткі прасочваюцца і робяцца вядомымі прэсе і экспэртам. Якія пазыцыі бакоў?

Як вынікае з учорашняй заявы Сяргея Сідорскага, зробленай па прылёце ў Маскву, беларускі бок фактычна хоча вярнуцца да формулы 1995 году – да скасаваньня ўсяго мыта ва ўзаемным гандлі. Што да падзелу мыта на экспарт нафтапрадуктаў, то тут беларускі бок прапануе дзяліць яго пароўну між дзьвюма краінамі. Дарэчы, з 1995 году яно дзялілася ў прапорцыі 85% Расеі – 15% Беларусі, але з 2001 году Беларусь наагул не плаціла Расеі якой бы то ні было долі гэтага мыта.

Пазыцыя Расеі ў гэтым пытаньні – супрацьлеглая. Яна, па-першае, не зьбіраецца скасоўваць экспартнага мыта на пастаўкі ў Беларусь нафты, уведзенага 8 сьнежня летась. Газэта “Ведомости” цытуе прадстаўніка расейскага ўраду, які кажа, што Масква ня хоча залежаць ад выхадак Менску і лічыць за лепшае спаганяць мыта на сваёй тэрыторыі, а не выпрошваць яго ў Беларусі. Праўда, паводле крыніц, блізкіх да перамоў, саступкі ў памеры мыта на пастаўкі сырой нафты ў Беларусь магчымыя: з 1 студзеня яно стандартнае – 180 даляраў за тону.

Па-другое, падзел эскпартнага мыта за нафтапрадукты паводле формулы 50:50 Масква лічыць непрыймальным і хоча вярнуцца да схемы 1995 году: 85% -- Расеі, 15% -- Беларусі. Экспэрты не выключаюць, што і тут магчымыя саступкі Беларусі ў дыяпазоне ад 20% да 30% замест 15%. Пра адмену мыта на імпарт зь Беларусі цукру, уведзенага з 29 сьнежня 2006 году, наагул нічога невядома.

Для ацэнкі хады перамоў важна ўлічваць падзеі, якія адбываюцца вакол іх. Учора віцэ-прэзыдэнт “Транснефти” Сяргей Грыгор’еў заявіў, што кампанія шукае шляхі нафтавага транзыту, дзякуючы якім, ня будзе залежаць ад свавольства чыноўнікаў. Сёньня «Независимая газета» паведамляе, што з дапамогай міністэрства надзвычайных сытуацый Расеі распрацоўваюцца варыянты транспартыроўкі нафты чыгункай, абмінаючы Беларусь. А кіраўнік” Сяргей Данквэрт паведаміў учора, што Расея будзе імпартаваць зь Беларусі мяса, малако і рыбу толькі з атэставаных “Россельхознадзорам» беларускіх прадпрыемстваў. Такі парадак дзейнічае ў Расеі адносна заходніх краінаў і Ўкраіны. Гэта пакуль ня мыта на пералічаныя тавары, але яшчэ адно абмежаваньне ў гандлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG