Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандалы на мусульманскіх могілках у Слоніме


Міхал Карневіч, Горадня Невядомыя вывярнулі зь зямлі пяць помнікаў вайскоўцаў-мусульман часоў першай усясьветнай вайны. Адну надмагільную пліту разьбілі.

Мусульманскія могілкі (у Слоніме іх называюць татарскімі) знаходзяцца прыкладна за пяць кілямэтраў ад гораду, у лесе. Учора імам-старшыня аб’яднаньня слонімскіх мусульман Сулейман Байрашэўскі вярнуўся з паломніцтва ў Мэку, і прыхаджане адразу паведамілі яму непрыемную навіну.

(Байрашэўскі: ) “Шостага студзеня заўважылі, што пяць помнікаў павалены і шосты разьбіты. Убачылі гэта, калі хавалі аднаго з мусульман. Але я быў на могілках яшчэ ў лістападзе і сьнежні – усё выглядала нармальна”.

Са слоў Байрашэўскага, вывярнулі помнікі вайскоўцаў-мусульман першай усясьветнай вайны, якія служылі ў царскім войску. Помнікі былі пастаўлены ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя, таму надпісы на іх зроблены па-польску (тады Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы).

Сулейман Байрашэўскі паведаміў, што зьвернецца з заявай у міліцыю. Паводле яго, мусульманскім могілкам у Слоніме каля 300 гадоў і вернікі пасьлядоўна даглядаюць іх.

Слонімскі журналіст і краязнаўца Сяргей Чыгрын распавядае, што вандалы на гэтых могілках учыняюць шкоду ўжо ня першы раз.

Чыгрын: “Некалькі гадоў таму абмалявалі мячэт у Слоніме. А яшчэ ў Слоніме пару гадоў таму забілі маладых хлопцаў і закапалі на гэтых мусульманскіх могілках, якраз недалёка ад тых магіл, зь якіх нехта цяпер пазьдзекаваўся”.

Нагадаю: акты вандалізму на Гарадзеншчыне адбываюцца не ўпершыню. Некалькі гадоў таму на гарадзенскіх вайсковых могілках нехта пазьбіваў крыжы на магілах польскіх вайскоўцаў. Яшчэ ў 50-я гады на месцы старых габрэйскіх могілак збудавалі гарадзкі стадыён, а пазьней, падчас яго рэканструкцыі, выкапаныя парэшткі вывозілі на гарадзкі сьметнік.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG