Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агітаваў у электрычцы, скончыў у міліцыі


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Учора ў часе распаўсюду апазыцыйнай газэты “Товарищ” быў на тры гадзіны затрыманы спачатку міліцыянтамі, а пасьля супрацоўнікамі КДБ кандыдат у дэпутаты Талачынскага раённага Саветe, сябра ЦК Партыі камуністаў Беларускай Мікалай Петрушэнка.

Вось што расказаў пра ўчорашняе здарэньне сам спадар Петрушэнка.

Петрушэнка: “Учора я на маршруце электрычкі Талачын-Ворша раздаваў газэту “Товарищ” і пайшла размова аб тым, куды дакацілася наша дзяржава. І калі я пачаў крытыкаваць зьнешнеэканамічную палітыку Аляксандра Лукашэнкі, якую і палітыкай цяжка назваць, бо мы апынуліся ў ізаляцыі, знайшоўся добраахвот, які сказаў, што мяне здасьць у міліцыю. Супрацоўнікі міліцыі прапанавалі прайсьці ў іх пакой у Воршы. Прэтэнзій да іх у мяне няма, як і да супрацоўнікаў дзяржбясьпекі, што былі выкліканыя міліцыянтамі – яны мусяць рэагаваць. Але цягам трохгадзіннай размовы я зрабіў выснову – сярод іх ёсьць нармальныя, адукаваныя людзі. Скончылася тым, што я на свабодзе. Тэлефаную ў Воршу ў аддзел дзяржбясьпекі і задаю пытаньне: ці мне надалей сухары сушыць, ці юрыста добрага шукаць? Прыемна было пачуць у адказ:“працягвайце агітацыю, у нас да вас прэтэнзій няма”. Я думаю, паўгода таму размова магла завершыцца арыштам – “ты лаяўся, быў п’яны”. Я думаю, надакучыў Лукашэнка ўжо ўсім. Зьмены мяне радуюць. Народ ня верыць дэпутатам, але мне гавораць: за цябе, Мікола Сымонавіч, я б галасаваў. На гэты раз у мяне ёсьць шанец перамагчы”…

Спаслаўшыся на няведаньне сытуацыі, дырэктар ПТВ № 173 сельгасвытворчасьці Валеры Рэцкі камэнтаваць затрыманьне свайго суперніка па выбарчай кампаніі ня стаў. Але засьведчыў, што да Мікалая Петрушэнкі ставіцца з павагай.

Рэцкі: “Калі была сустрэча з кандыдатамі ў дэпутаты, я сказаў, што задаволены такім годным супернікам. Заля апладзіравала. Я Мікалая Сямёнавіча ведаю зь першага дня, калі ён прыехаў у Коханава. 19-ы год працую дырэктарам, два сыны яго закончылі наша вучылішча”.

Карэспандэнт: “Ёсьць карэнныя адрозьненьні у Вашай праграме і праграме Петрушэнкі?”

Рэцкі: “З уладай трэба не змагацца, а працаваць у меру сваёй кампэтэнцыі, у прававым полі”…

Карэспандэнт: “А Петрушэнка больш змагаецца з уладай?”

Рэцкі: “У яго ёсьць такія моманты”…

Карэспандэнт: “Як вы ацэньваеце свае шанцы і шанцы Петрушэнкі?”

Рэцкі: “Прыкладна 50 на 50”…

Дарэчы, Коханава –адзіная мясьціна на Талачыншчыне, дзе ўсяго два кандыдаты ў дэпутаты райсавету ад улады маюць альтэрнатыву ў асобе Мікалая Петрушэнкі, а таксама вылучэнца Партыі жанчын “Надзея” прадпрымальніцы Сьвятланы Чарных.
XS
SM
MD
LG