Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады абяцаюць абвясьціць 2007 год годам Купалы і Коласа


Галіна Абакунчык, Менск Міністэрства адукацыі прапанавала ўраду краіны абвясьціць 2007 год у Беларусі годам Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэта стала вынікам ініцыятывы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. А вось прапановы ТБМ па вяртаньні беларускай мовы ў школы і вышэйшыя навучальныя ўстановы ў міністэрстве адукацыі назвалі немэтазгоднымі і нясвоечасовымі.

Абвясьціць 2007 год годам беларускай мовы і літаратуры, вярнуць беларускую мову ў выкладаньне гісторыі і геаграфіі ў школах, адкрыць у Беларусі нацыянальны ўнівэрсытэт і даць яму імя Якуба Коласа – гэтыя тры прапановы грамадзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы накіравала ў прэзыдэнцкую адміністрацыю. Адказ прыйшоў зь міністэрства адукацыі за подпісам намесьніка міністра Казіміра Фарыно, паведаміў Свабодзе старшыня ТБМ Алег Трусаў:

Трусаў: “Плянуецца абвясьціць 2007 год годам клясыкаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. А далей яны адмаўляюцца выконваць нашы патрабаваньні. Да прыкладу, пішуць адносна выкладаньня гісторыі і геаграфіі па-расейску, што гэта прадугледжана законамі і яны як хочуць, так і будуць выкладаць. А яшчэ лічаць немэтазгодным і несвоечасовым стварэньне яшчэ адной вышэйшай навучальнай установы”.

Спадар Трусаў спадзяецца, што абвяшчэньне году Янкі Купалы і Якуба Коласа з нагоды 125-годзьдзя іхнага нараджэньня, дасьць новыя магчымасьці для папулярызацыі імёнаў клясыкаў беларускай літаратуры і беларускай мовы, у тым ліку сіламі грамадзкіх арганізацый. Але калі плянуецца адпаведнае рашэньне ўраду краіны ў апараце савета міністраў – не паведамляюць. Гаворыць кіраўнік управы справаводзтва Фёдар Бацюк:

Бацюк: “Я вам нічога не магу сказаць. Няма ў мяне зьвестак такіх”.

Ініцыятыву ўладаў ушанаваць памяць Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама стаўленьне чыноўнікаў да беларускай мовы камэнтуе кіраўнік зачыненага ўладамі беларускага ліцэю імя Якуба Коласа Ўладзімер Колас:

Колас: “Што тычыцца і гэтага міністэрства цяпер, і савета міністраў, і гэтых уладаў, то гэта людзі, якія не адчуваюць той ганьбы, якую іхнымі рукамі зараз робяць. Гэтыя людзі не адчуваюць каштоўнасьцяў, як нацыянальная мова, нацыянальная тоеснасьць, гістарычная памяць, дзяржаўнасьць. І вось імі зараз гэта ўсё нішчыцца для таго, каб зачысьціць тэрыторыю і каб затым узяць яе разам зь народам, у памяці якога ўсё гэта сьцёртае. І гэтым людзям варта задумацца”.

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны пачало таксама праводзіць збор подпісаў грамадзянаў краіны на імя Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем адкрыць у Беларусі беларускамоўную вышэйшую навучальную ўстанову.
XS
SM
MD
LG