Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пятніцу ў Маскве працягнуцца перамовы наконт паставак расейскай нафты ў Беларусь


Валер Каліноўскі, Менск Паводле дамоўленасьцяў Уладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнікі ўрадаў Расеі і Беларусі Міхаіл Фрадкоў і Сяргей Сідорскі сёньня маюць прадставіць прапановы ў справе вырашэньня нафтавага канфлікту паміж дзьвюма краінамі. Сёньня раніцай прадоўжаць перамовы, якія былі спыненыя а першай гадзіне начы. Пры ўмове станоўчага рашэньня ня выключаны візыт у Маскву А. Лукашэнкі.

Учора амаль да 9-й вечара па маскоўскім часе беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі абмяркоўваў пэрспэктывы выхаду з нафтавага крызісу з расейскім міністрам эканамічнага разьвіцьця і гандлю Германам Грэфам, а каля 10-й гадзіны начы пачалася сустрэча прэм’ераў Расеі і Беларусі. Перамовы Фрадкова і Сідорскага прадоўжыліся і пасьля поўначы па маскоўскім часе. Ніякіх заяваў аб іх папярэдніх выніках не было.

М. Фрадкоў зазначыў на пачатку перамоваў, што Расея выступае за збалянсаванае рашэньне нафтавай праблемы.

Фрадкоў: “Гатовы прапанаваць варыянты, якія будуць на самой справе зразумелыя і для дзяржаўнага ўзроўню і для бізнэсу, што вельмі ўважліва сочыць за разьвіцьцём сытуацыі”.

Паводле Міхаіла Фрадкова, перамовы адметныя прагматычным падыходам з улікам узаемных інтарэсаў.

Фрадкоў: “На жаль, апошнім часам штосьці не спрацавала. У выніку, я вам шчыра скажу, пацярпеў імідж Расеі як надзейнага пастаўшчыка энэргарэсурсаў, гэта суправаджалася і фінансавымі стратамі”.

Калі з уступным словам выступаў Сяргей Сідорскі, прадстаўнікоў прэсы папрасілі выйсьці з памяшканьня, чым была парушаная звычайная завядзёнка такіх сустрэч, калі журналісты могуць пачуць абодва бакі.

На перамовах беларускі бок дамагаецца скасаваньня экспартнага мыта на расейскую нафту, прадаваную ў Беларусь памерам 180 даляраў за тону. Перамовы сталі магчымымі пасьля таго, як беларускі ўрад адмяніў сваё мыта на транзыт расейскай нафты. У Беларусь расейская нафта па-ранейшаму не паступае.

У кулюарах перамоваў тэма магчымага прыезду А. Лукашэнкі ў Маскву не абмяркоўвалася, былі іншыя пытаньні,– прызнаўся ўчора ўвечары прэсавы сакратар беларускага прэм’ера Аляксандар Цімашэнка. Тым не меней расейскія СМІ шмат казалі, што калі будзе знойдзены кампраміс, сёньня магчымая і сустрэча на ўзроўні прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі.

Тым часам у Расеі рыхтуюць захады, якія б забясьпечылі стабільнасьць нафтавых паставак на Захад у будучым, каб больш не трапляць у сытуацыі, якая склалася ў Беларусі на гэтым тыдні,– паведаміў Свабодзе віцэ-прэзыдэнт кампаніі “Транснефть” Сяргей Грыгор’еў:

Грыгор’еў: “Транснефть” распрацавала і прадставіла ва ўрад комплекс захадаў, якія дазволяць цалкам пазьбегнуць падобныя інцыдэнты. Гэта дазволіць Расеі стаць незалежнай ад волі чыіхсьці чыноўнікаў”.

Падрабязнасьці гэтых прапановаў пакуль застаюцца ў сакрэце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG