Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Ле Карэ: газ і нафта - зброя больш эфэктыўная за ядзерную


Ганна Соўсь, Прага Джон Ле Карэ -- гэта літаратурны псэўданім, пад якім набыў усясьветную вядомасьць былы брытанскі выведнік Дэвід Джон Мур Корнуэл. Днямі ён даў інтэрвію італьянскай газэце La Repubblica.

У інтэрвію Джон Ле Карэ сярод іншага называе трагікамічнай сытуацыю зь нядаўнім забойствам былога супрацоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненкі і кажа, што гэтая гісторыя не натхніла б яго на напісаньне шпіёнскага раману.

Паводле Корнуэла, ніводнае забойства ў гісторыі не пакідала столькі сьлядоў. “Пасьля вайны ў Афганістане Расея аказалася перапоўненай зброяй, у іх у кожнай ваеннай лядоўні знаходзілася радыяактыўнае рэчыва. У КДБ абшырная гісторыя сувязяў са злачынным сьветам”. Паводле брытанскага пісьменьніка, Літвіненка меў імёны людзей, уцягнутых у карупцыйныя справы і забойствы, а таксама сьпіс вялікай колькасьці дурняў, нанятых тым ці іншым алігархам.

“Я напісаў раман "Рускі дом" пасьля паездкі ў Расею ў 1988 годзе, -- кажа Корнуэл, і працягвае – Я памыляўся як ідэаліст. Я думаў, што гаворка ідзе пра кароткі пэрыяд гісторыі, падчас якога мы маглі б перабудаваць сьвет”. Што да Захаду, то ацэнкі Корнуэла яшчэ больш жорсткія. Ён лічыць што “заходні стыль жыцьця і росквіт прыводзяць да невыносных наступстваў. І змаганьне ў падобных умовах разгортваецца за прыродныя рэсурсы. Расея ўжо зразумела, што газ і нафта ў якасьці зброі нашмат больш эфэктыўныя, чым ядзерная зброя”.

Цяпер пісьменьнік знаходзіцца ў Гішпаніі, дзе якраз і прэзэнтуе свой новы раман “Песьня місіянэраў”. Ён назвае сваю кнігу пратэстам супраць новай калянізацыі Афрыкі. Падзеі ў кнізе разгортваюцца ў Конга, і Корнуэл у інтэрвію La Repubblica, зьвятрае ўвагу на наступны парадокс. Паводле прыродных багацьцяў Конга – адна з найбагацейшых краінаў сьвету, а ў гуманітарным сэнсе – адна з найбяднейшых. У краіне толькі 45 кілямэтраў асфальтаваных дарогаў, і паўсюль пануе тэрор. А інтрыга раману разгортваецца вакол таго, хто будзе кантраляваць радовішчы каштоўных прыродных выкапняў.

І тут карэспандэнт італьянскай газэты праводзіць паралель: магутнасьць “Газпрому” забясьпечвае выжываньне прэзыдэнта Расеі Пуціна. На што Дэвід Джон Мур Корнуэл кажа, што “з прычыны вайны з тэрарызмам мы дасягнулі пагадненьня, у адпаведнасьці зь якім расейская імпэрыя можа рабіць у сябе ўсё, што заўгодна. Адсюль і чачэнскі кашмар. Расея – гэта праблема ў праблеме. Пасьля белых цароў прыйшлі цары чырвоныя, а цяпер у Расеі цары шэрыя”, лічыць былы выведнік сусьветна вядомы аўтар дэтэктываў Джон Ле Карэ.
XS
SM
MD
LG