Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбар Купалы


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае літаратуразнаўца Пятро Васючэнка Эфір 11 студзеня 2007 году.

Гэта было ў сярэдзіне траўня 1905 году. Тады сям''я Луцэвічаў арандавала маёнтак у Бараўцах. Дні стаялі ясныя, сонечныя, а госьць зьявіўся нечакана, бы гром зь яснага неба. Бянігна Іванаўна баялася такіх гасьцей, што прыходзяць да ейнага Яські не па-людзку, як вось гэты - размахваючы газэткай, бы паходняй. Яна сэрцам прадчувала, што гэты сонечны травеньскі дзень будзе адным з самых чорных у жыцьці ейнага Яські. А неспадзяваны госьць (то быў Уладзімер Іванавіч Самойла, адзін зь інтэлектуалаў, што апекаваўся лёсам юнага генія) разгарнуў газэтку і казаў няўцямныя, але страшлівыя рэчы:

-- От! Няма ўжо ніякага Яські, няма ніякага Луцэвіча, а ёсьць Янук Купала! Чуеце?

«Як у манахі пастрыгся,» -- мільганула ў Бянігны Іванаўны, а госьць тым часам настойліва заклікаў адзначыць падзею. I Яська быў як бы сам ня свой, быццам напраўду сына ёй падмянілі. Бянігна Іванаўна зьбірала на стол, слухала бязладную гаману, мала што разумела ў ёй і маўчала. Уначы, калі ўгаманіліся і заснуў нарэшце ейны Яська, маці запаліла сьвечку. Яна баялася дакрануцца да газэты, як да вужакі якой. Вялікімі літарамі назва - «Северо-Западный край". Амаль на ўсю паласу -- апавяданьне якогась графа Талстога «Тры сыны». А вось і яно! Дрыготкім голасам Бянігна Іванаўна прачытала:

Што я мужык, усе тут знаюць, I, як ёсьць гэты сьвет вялік, Зь мяне сьмяюцца, пагарджаюць, -- Бо я мужык, дурны мужык.

— Матка Боска Чанстахоўска, Вастрабрамска, Будслаўска! О, Езус Хрыстус! О, раны!

Горшага быць не магло! Які мужык? Чаму мужык? Ейны ж Яська мужыцкай працы змалку цураўся. Манішка! Галыштух-матылёчак! Вусы! Бацька зь Пецярбургу скрыпку прывёз! Дык ён і на скрыпцы пілаваў нейкае абы-што. А цяпер вось табе маеш - «дурны мужык»! А мова якая немілагучная, хлопская. Пачынаў жа па-польску пісаць - і як файна было.

-- Няшчасьце будзе, — прамовіла ўрэшце маці.


Вячаслаў Ракіцкі: “Выбар тэмы для першай перадачы прадыктаваны адной з галоўных падзеяў, якая будзе адзначацца ў новым 2007 годзе, – 125-годзьдзем Янкі Купалы. Пятро, дык што ж здарылася ў сярэдзіне траўня 1905 году зь Яськам Луцэвічам, і ці сапраўды гэтая мікрападзея наклікала або прынесла бяду?”

Пятро Васючэнка: “15 траўня 1905 году ў газэце "Северо-Западный край" Янка Купала надрукаваў свой першы верш па-беларуску -- "Мужык". І гэтая падзея сапраўды мела фатальныя наступствы для лёсу Купалы і глябальныя наступствы для лёсу беларускай нацыі”.

Ракіцкі: “Але спачатку, Пятро, давайце пагаворым пра маці. Чаго ж найболей баялася Бянігна Іванаўна? Таго, што сын пачаў пісаць вершы? Ці што героем ягонага твору стаў мужык? А можа найболей таго, што ейны Яська пачаў пісаць па-беларуску?”

Васючэнка: “Яна баялася ўсяго: і таго, што сын пісаў пра мужыка і ад імя мужыка, і таго, што Купала ўвогуле пачаў пісаць вершы. Сям’я жыла бяз бацькі, сям’ю трэба было карміць. Але яшчэ бацька Купалы ў свой час казаў, назіраючы за заняткамі сына, што з кніжак, зь вершаў хлеба есьці ня будзеш і трэба шукаць іншы, больш надзейны і цяжкі хлеб. Вядома, маці насьцярожвала, што Купала першым лірычным героем абраў не шляхціца, не інтэлігента, а селяніна. І яшчэ спрабаваў гаварыць ад імя мужыка.”

Ракіцкі: “Чаму менавіта мужыка ён выбраў?”

Васючэнка: “На мяжы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў у беларускай літаратуры, якая стваралася перадусім шляхтай у сваіх родавых маёнтках, існавала патрыятычная зьява, якую польская прэса іранічна называла хлопаманіяй. Яны гаварылі ад імя мужыка. Так пачынаў Дунін-Марцінкевіч, так рабіў Кастусь Каліноўскі, які прыдумаў сабе пэрсанажа-двайніка – Яську-гаспадара з-пад Вільні. Гэтак жа пачынаў і Францішак Багушэвіч, які схаваўся пад псэўданім Мацей Бурачок. Але ў ХХ стагодзьдзі хлопаманія ўжо выклікала іранічныя заўвагі. Прыкладам, Зянон Пяткевіч (крытык Купалы) з нагоды "Адвечнай песьні" заяўляў, што Купала, як і іншыя інтэлігенты, пераапранаецца ў пастуховую скуру".

Ракіцкі: “Калі кінуць позірк на ўсю творчасьць Купалы, дык заўважыш, што паэт даволі хутка перахварэў на мужыцкасьць. А ад беларушчыны ён так да канца жыцьця і ня змог адрачыся. А што папярэднічала выбару Купалы пісаць па-беларуску?”

Васючэнка: “Праўда ж, Купала пачынаў пісаць па-польску. Польская мова ў той час у Беларусі была найболей пашыраная. Купала спачуваў памкненьням польскай нацыі да адраджэньня. Боль польскага народу, пазбаўленага дзяржаўнасьці на сто гадоў, быў яму блізкі. У аўтабіяграфічным лісьце да Клейнбарта Купала тлумачыць свой выбар наступным чынам: пачынаў пісаць па-польску, але нечакана трапіла яму ў рукі праклямацыя, напісаная па-беларуску, таксама трапілі паэма “Гапон” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, трапіла “Дудка беларуская” Францішка Багушэвіча, і ўсё ягонае пісаньне па-польску пайшло прахам. Купала зрабіў свой гістарычны выбар – пачаў пісаць па-беларуску.”

Ракіцкі: “Лёс Купалы сапраўды трагічны. І вы лічыце, што трагічнай памылкай паэта стала тое, што ён пачаў пісаць па-беларуску?”

Васючэнка: “Я сказаў бы, што гэта была ня столькі ягоная памылка, колькі ягоная доля. Гэты быў ягоны фатум, які ён сам абраў. Мова, як нітка, пацягнула за сабой усё астатняе ў долі самога Купалы. Гэта – захапленьне беларушчынай і мара пра беларускую дзяржаўнасьць. Вырасьлі і беды, няшчасьці Купалы. Вырасьлі і няшчасьці беларускай нацыі, якая з крывёю і болем заваёўвала сабе шлях да незалежнасьці. Была і галадоўля Купалы ў 20-х гадох, была і хвароба на крываўку, калі ён ледзьве Богу душу не аддаў, быў замах на ўласнае жыцьцё ў 1930-м годзе. Былі і іншыя няшчасьці, якія прадчувала маці.”

Ракіцкі: “А ці мае такое ўжо вялікае значэньне выбар мовы? Дапусьцім, што Купала пачаў бы пісаць па-польску. Такія аналёгіі ўжо былі ў гісторыі беларускай літаратуры. Самы яскравы прыклад – Адам Міцкевіч у ХІХ стагодзьдзі. Вось цяпер Сьвятлана Алексіевіч піша па-расейску.”

Васючэнка: “Міцкевіч зрабіў свой выбар у іншых варунках. У той час яшчэ не была распрацаваная як сьлед новая беларуская літаратурная мова. Міцкевіч пісаў на той мове, на якой яму было лягчэй выказваць свае пачуцьці, хаця беларускую мову ён добра ведаў. У Купалы ж, які жыў у іншую эпоху, як некалькі раней у Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча, загаварыла генная памяць і беларускага народу, і ягоная ўласная.”

Ракіцкі: “А мо Купала сьвядома далучаўся да Багушэвічавай мадэлі Беларусі, а ня толькі генэтычна?”

Васючэнка: “Сапраўды, шмат у чым нацыянальнае нашаніўскае адраджэньне вырасла з прадмовы да “Дудкі беларускай” Мацея Бурачка, бо ў ёй былі праклямаваныя два лёзунгі, якія абумовілі разьвіцьцё беларускай мовы, а ўсьлед за ёй і беларускай дзяржаўнасьці. Гэта – пераемнасьць паміж гістарычнай Літвой і сучаснай яму Беларусьсю. І другая тэза. Гэта – тое самае, што вучаць і сёньня школьнікі: “Не пакідайце ж мовы нашае роднае, каб ня ўмерлі. І беларусы, якія зрабілі свой гістарычны выбар разам з Купалам, гэтай мовы ня кінулі, хаця і спрабавалі кінуць”.

Ракіцкі: “А зараз паспрабуем уявіць сабе, што было б, калі б Купала стаў пісаць па-польску, як хацела таго маці?”

Васючэнка: “Калі б мы гаварылі пра гістарычны выбар Беларусі, мы маглі б сказаць, што Беларусі ў яе сёньняшнім выглядзе не было б. Краіна, магчыма, і была б, але без сваёй мовы, а, верагодна, і без сваёй дзяржаўнасьці. А вось Купалу, напэўна ж, пашанцавала б болей. Не было б таго самагубства. Ён жыў бы як эўрапейскі паэт, тварыў бы сваю літаратурную пляніду ў болей цывілізаваных умовах. Ён быў бы паэтам болей раскручаным. Магчыма, ён падзяліў бы лёс беларускіх эмігрантаў: жыў бы за мяжою, меў бы сантымэнт да ўсяго беларускага, памятаў бы беларускую мову. Але Беларусі ў яе сёньняшнім выглядзе не было б. Я думаю, што геній Купалы прарос бы і на іншай моўнай глебе.”

Ракіцкі: “Зрэшты, эўрапейскай славы Купала так і не набыў. Драма “Раскіданае гняздо”, з майго гледзішча, нічым не саступае лепшым узорам эўрапейскай драматургіі эпохі сымбалізму. Але, адрозна ад п’есаў Мэтэрлінка ці нават бліжэйшага беларусам Высьпянскага, яна не была перакладзеная на эўрапейскія мовы і шырока ў сьвеце ня ставілася...”

Васючэнка: “Вядома, не было б тых прычынаў, якія не дазволілі б раскруціць такія творы ўсясьветнага маштабу, як “Раскіданае гняздо”. Купала раскручваў бы свае творы безь перашкоды і, магчыма, стаў бы нобэлеўскім ляўрэатам, як той жа тутэйшага паходжаньня Чэслаў Мілаш. Нобэлеўскім ляўрэатам, які згадваў бы, як Мілаш, свае ліцьвінскія карані, размаўляў бы з сантымэнтам пра бацькаўшчыну, але лічыўся б усё ж польскім нобэлеўскім ляўрэатам. Беларусь у гэтым выпадку мела б праблемнага нобэлеўскага ляўрэата, праблемную дзяржаўнасьць, праблемную мову, праблемны этнас, хаця, магчыма б, жыла ва ўмовах эўрапейскай цывілізацыі. Вось што магло б быць, калі б Купала пачаў пісаць па-польску – так бы мовіць, Беларусь без Беларусі.”

Ракіцкі: “Як вы лічыце, Пятро, у якой ступені можна казаць пра сьвядомы выбар Купалы, пра сьвядомае ахвяраваньне ўласным лёсам дзеля высокай ідэі беларускай Беларусі?”

Васючэнка: “З аднаго боку, паэт быў занадта малады, каб прадбачыць глябальныя наступствы сваіх практыкаваньняў у беларускай мове. Зь іншага боку, Купала быў паэтам-прарокам і шмат чаго закладаў у гэтыя свае першыя вершы. На мужыцкасьць ён неўзабаве перахварэў. А вось на беларушчыну ніколі перахварэць ня змог. Хвароба гэта ці не хвароба - але ўжо ў першым вершы ён прадчуваў, што наступствы для яго самога ад захапленьня беларускай мовай і беларушчынай могуць быць фатальныя. Зрэшты, ён ня быў унікумам у сваім выбары, бо разам зь ім рабіў свой гістарычны выбар Колас, які пачынаў пісаць па-расейску, але перайшоў на беларускую мову. І да нашага часу беларускія патрыёты працягваюць рабіць свой выбар, хаця ведаюць, што за ім стаіць даволі цяжкая пляніда.”

На Вайсковых могілках у Менску на помніку Бянігне Іванаўне Луцэвіч выбіты радок зь верша ейнага сына Янкі Купалы: “Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці...”
XS
SM
MD
LG