Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Пятроў: “Лукашэнка замахнуўся на сьвятое”


Юры Дракахруст, Масква Як будуць далей разьвівацца беларуска-расейскія дачыненьні? Пра розныя аспэкты гэтай праблемы наш карэспандэнт гутарыў зь сябрам навуковай рады Маскоўскага цэнтру Карнэгі Мікалаем Пятровым.

Дракахруст: “На Ваш погляд цяпер, калі Лукашэнка адмяніў мыта, ўведзенае 3 студзеня, ці вернецца сытуацыя ў стан на 2 студзеня ці ўсё ж будуць уведзеныя імпартныя мытныя тарыфы на шырокае кола беларускіх тавараў, пра што казаў Пуцін на ўрадавай нарадзе два дні таму?”

Пятроў: “Я мяркую, што Крэмль тут задавальняюць толькі два сцэнары разьвіцьця падзеяў – гэта, па-першае, вяртаньне ў status quo паводле стану на пачатак году, калі была падвышаная цана на газ, калі пачало дзейнічаць расейскае экспартнае мыта на нафту і няма нічога больш. І другое, што важна для Крамля - гэта дэманстрацыя паразы Аляксандра Лукашэнкі”.

Дракахруст: “Ці ня стане падыход Крамля прынцыпова іншым з тае прычыны, што Лукашэнка замахнуўся на "сьвятое" - на транзыт?”.

Пятроў: “Палітыка Крамля сапраўды будзе іншая і менавіта таму, што Лукашэнка замахнуўся на "сьвятое". Але гэтае "святое" - не транзыт, а прэзыдэнцкія выбары і папулярнасьць кандыдатаў. Калі для Пуціна Лукашэнка, бясспрэчна, не канкурэнт, то ніхто з палітыкаў, якія вырастаюць пад Пуціным і якія будуць удзельнічаць у расейскіх выбарах 2008 году, ніхто зь іх ня можа спаборнічаць у папулярнасьці з Лукашэнкам, і ня толькі ў Беларусі, але і шмат у якіх рэгіёнах Расеі”.

Дракахруст: “Вы ў пэўнай ступені ўжо адказалі на маё наступнае пытаньне, але я яго ўсё ж задам. Чаму Расея пайшла на крок, які ад яе мала хто чакаў - на спыненьне нафтавага транзыту? Летась, падчас канфлікту з Украінай, газ усё ж у Эўропу перапампоўвалі. А тут кінулі ў шок усю Эўропу. Ці не занадта высокая гэта цана за "выхаваньне" Лукашэнкі?”

Пятроў: “Тут цяжка параўноўваць, бо газ і нафта адрозьніваюцца тэхналягічна. Спыніць падачу газу - гэта рызыкаваць спыненьнем шэрагу вытворчасьцяў, гэта памарозіць людзей - гэта зброя калясальнага дзеяньня. Што тычыцца нафты, то тут сытуацыя іншая, бо ніхто не працуе наўпрост з трубы, і ў кожнага эўрапейскага спажыўца расейскай нафты ёсьць пэўныя запасы.

Але другі, магчыма больш важкі чыньнік - гэта тое, што мэтай гэтага скандальнага разьвіцьця падзеяў, мэтай атакі быў сам Лукашэнка, а ня нейкія эканамічныя ці геапалітычныя праблемы”.

Дракахруст: “У апошнія дні ў расейскіх выданьнях сталі даволі частымі меркаваньні, што Расея атрымала такі крызыс таму, што доўгі час глядзела і бачыла ў Беларусі толькі Лукашэнку. На Ваш погляд, ці будзе яна цяпер глядзець там і на кагосьці іншага?”

Пятроў: “Праблема расейскіх палітыкаў палягае ў тым, што апазыцыйныя беларускія палітыкі апазыцыйныя ня толькі Лукашэнку, але і прарасейскім заявам і прарасейскаму іміджу Лукашэнкі. Я баюся, што ў Расеі цяпер няма рэальнага апірышча сярод альтэрнатыўных Лукашэнку палітычных фігураў. Як і ўласна моцных палітычных фігураў у цяперашняй беларускай палітычнай сытуацыі таксама няма”.
XS
SM
MD
LG