Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: у Аграрным унівэрсытэце датэрміновае галасаваньне сумясьцілі з мэдычным аглядам


Міхал Карневіч, Горадня Масавае датэрміновае галасаваньне сёньня давялося назіраць у Гарадзенскім аграрным унівэрсытэце. Студэнты нават стаялі ў чарзе, каб прагаласаваць. А перад уваходам ва ўнівэрсытэт стаіць мэдычная машына: сёньня студэнты павінны прайсьці і флюараграфію.

Tакое супадзеньне тлумачыць старшыня выбарчай камісіі Рамуальда Пінюта.

Пінюта: “Машына стаіць на наша патрабаваньне. Вы ж ведаеце, што лекары ў любым шпіталі цяпер вядуць прыём толькі з наяўнасьцю ў пацыента флюараграфічнага здымка. Мы робім гэта штогод, а сёлета папросту выпадкова супала з выбарамі”.

Варта адзначыць: сярод кандыдатаў у дэпутаты абласнога Савету фігуруе й галоўны доктар абласнога шпіталю Вячаслаў Савіцкі, які канкуруе зь сябрам БНФ “Адраджэньне” Валерам Кісялём.

Рамуальда Пінюта адмаўляецца падаць інфармацыю аб тым, колькі прагаласавала выбарцаў. Але з прыкладу мінулых выбараў робіць прагноз:

Пінюта: “З досьведу мінулых гадоў: у нас да 40% даходзіла галасаваньне”.

А вось што кажуць наконт датэрміновага галасаваньня студэнты:

Студэнткі: “У нас, па-першае, экзамэны, а па-другое, у нядзелю выходны дзень – у нас шмат сваіх спраў. Была аб’ява прагаласаваць, і мы пайшлі й прагаласавалі. Наагул, студэнты ня хочуць хадзіць на такія мерапрыемствы --шкада свайго часу”.

У Горадні тым жа часам апазыцыйны кандыдат Дзяніс Івашын ужо трэці дзень дамагаецца ад старшыні гарадзкой выбарчай камісіі Ўладзімера Хлябіча, каб урэшце на стэндах у выбарчых участках разьмясьцілі адпаведныя інфармацыйныя матэрыялы пра яго. Аднак іх яшчэ не надрукавалі.

Яшчэ адзін апазыцыйны кандыдат, Юры Істомін, трэці дзень на двух выбарчых участках ня можа дамагчыся ад старшыняў выбарчых камісій інфармацыі пра колькасьць выбарцаў і колькасьць тых, хто ўжо прагаласаваў.
XS
SM
MD
LG