Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць актывіста АГП у Гомелі распачатая справа за “антыканстытуцыйныя” ўлёткі


Радыё Свабода, Гомель Сёньня ў Гомелі людзі ў цывільным разам з АМОНам затрымалі грамадзкага актывіста Аляксандра Каротчанку. На аўтамашыне ён перавозіў некалькі тысячаў улётак намесьніка старшыні абласной арганізацыі Аб‘яднанай грамадзянскай партыі Уладзімера Кацоры са зваротам да выбарцаў: “Кожны з нас ўжо заўтра будзе гатовы сказаць: “Хопіць”!

Спадара Каротчанку разам зь легкавіком завезьлі ў 2-е аддзяленьне Чыгуначнага райаддзелу ўнутраных спраў.

Пасьля канфіскацыі ўлётак міліцыя зрабіла ператрус на кватэры Аляксандра Каротчанкі. Дазвол на ператрус даў пракурор Чыгуначнага раёну.

З асабістага кампутара спадара Каротчанкі міліцыянты забралі вінчэстэр. Актывіста абвінавачваюць у распаўсюдзе ўлётак “антыканстытуцыйнага характару”.

Сам Уладзімер Кацора, чые ўлёткі перавозіў актывіст, патлумачыў, што ня мог зьвярнуцца да выбарцаў іншым чынам:

Кацора: “Мяне не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты аблсавету. Я быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Карняенкі, але і яму не далі правесьці сустрэчы ні ў форме мітынгу, ні ў зале. Мяне, як давераную асобу, некалькі разоў затрымлівалі. Я ня мог патрапіць ні на адну сустрэчу, якая праводзілася. Арганізоўваць сустрэчы перашкаджалі. Таму я вырашыў наўпрост зьвярнуцца да выбарцаў і раздрукаваў такія ўлёткі”.

Ніякага антыканстутыцыйнага зьместу ў сваіх улётках да выбарцаў спадар Кацора ня бачыць:

Кацора: “Я прыводжу выказваньні Лукашэнкі аб тым, што ён сфальшаваў прэзыдэнцкія выбары, казаў, будучы ў Лоеве: “Калі вы не захочаце, каб я быў прэзыдэнтам, скажыце: “Хопіць!” Я даўно ўжо сказаў сваё “Хопіць”! Тысячы людзей таксама сказалі. А вы, выбарцы, самі вырашайце, ісьці на гэтыя так званыя выбары, ці не ісьці. Калі ня пойдзеце, гэта будзе вашае “Хопіць”! гэтай уладзе. Калі вы ня можаце не пайсьці, бо ў вас на працы ўчыняецца ўціск, ідзіце і выкрасьліце таго адзінага кандыдата, які ў вас у бюлетэні застаўся”.

Міліцыя распачала супраць Уладзімера Кацоры адміністрацыйную справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG