Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высьвятляюцца асобы міліцыянтаў, якія зьбілі актывіста “Маладога фронту”


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі аршанскай міліцыі зьбілі актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Сержука Гумінскага. Мэдыкі зафіксавалі пабоі і прызначылі лячэньне. Вядзецца службовае расьсьледаваньне. Раней супраць 18-гадовага Сержука распачалі крымінальную справу за палітычныя графіці.

У гарадзкім аддзеле аршанскай міліцыі праводзіцца службовае расьсьледаваньне паводле зьбіцьця актывіста мясцовай філіі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Сержука Гумінскага. Позна ўвечары 10 студзеня міліцыянты затрымалі юнака на прыватнай кватэры – нібыта, дзеля таго, каб дапытаць у крымінальнай справе. Потым яго даставілі ў аддзел міліцыі. Гаворыць Сяржук Гумінскі:

Гумінскі: “Мяне прымушалі размаўляць па-расейску. На мае адмовы -- пачалі зьбіваць. Калі я запатрабаваў, каб запрасілі адваката і склалі пратакол, яны апранулі на мяне кайданкі і пачалі зьбіваць па нырках, грудзях і па твары. Білі кулакамі. Гэта ўсё доўжылася недзе гадзіну-паўтары…Калі мяне адпусьцілі, мае сябры адвезьлі мяне ў шпіталь. Там мне зрабілі рэнтген. Выявілі пашкоджаньне мяккіх тканак твару, сярэдзіны і нырак. Накіравалі на амбуляторнае лячэньне”.

Сяржук падаў скаргу на дзеяньні міліцыянтаў у пракуратуру і міністэрства ўнутраных спраў. У аршанскай міліцыі вядзецца службовае расьсьледаваньне. Намесьнік начальніка вышуку Ўладзімер Давыдоўскі паведаміў “Свабодзе”:

Давыдоўскі: “Мы распачалі службовую праверку. Гэта працоўны момант. Скаргі заўсёды былі, ёсьць і будуць. І нікуды мы ад гэтага не падзенемся. Ну, на мяне таксама неаднойчы скардзіліся, нават крымінальныя справы распачыналі. Ну, дык што? Гэта жыцьцё. Ён прайшоў праз шпіталь, падаў заяву аб прыцягненьні да адказнасьці супрацоўнікаў міліцыі, таму ў прызначаны тэрмін усё будзе разгледжана”.

Сяржук Гумінскі даведаўся, што адзін з міліцыянтаў склаў на яго пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі -- і менавіта гэткім чынам стала вядома ягонае прозьвішча. Міліцыянты паведамілі, што асобы іншага чалавека, апранутага ў цывільнае, яны пакуль ня высьветлілі.

Гумінскі: “Вельмі дзіўным выглядае тое, што мяне зьбівалі супрацоўнік міліцыі зь нейкім яшчэ чалавекам, якога той міліцыянт, быццам, і ня ведае”. Так ён, прынамсі, пазьней гаварыў”.

Супраць Сержука Гумінскага заведзена крымінальная справа за палітычныя графіці. Летась яго сем разоў затрымлівалі міліцыянты ў Менску пад час разгону моладзевых апазыцыйных акцый. Але арыштаў маладафронтавец не адбываў, бо на той час яму яшчэ ня споўнілася 18-ці гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG