Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы былыя супрацоўнікі спэцслужбаў могуць быць пазбаўленыя прывілеяў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Кіруючая ў Польшчы партыя “Права і справядлівасьць” заявіла пра намер пазбавіць былых супрацоўнікаў “рэпрэсійнага апарату ПНР” пэнсійных і і іншых прывілеяў.

Прэм’ер-міністар Яраслаў Качыньскі і міністар культуры Казімеж Уяздоўскі прадставілі ў Варшаве праграмную дэклярацыю “Памяць і адказнасьць”, якая, сярод іншага, прадугледжвае прыняцьце закону, паводле якога былы камуністычныя спэцслужбы будуць прызнаныя “злачыннай і антыпольскай арганізацыяй”.

Качыньскі: “Гэтая ініцыятыва адказвае на вялікую патрэбу нашага грамадзтва – патрэбу справядлівасьці. Ня можа быць так, што мы асуджаем цяпер людзей, якія супрацоўнічалі са спэцслужбамі і яны, натуральна вінаватыя, але не зьвяртаем увагі на тых, хто гэтыя спэцслужбы ствараў і імі кіраваў. Больш таго, яны да сёньняшняга дня маюць прывілеі, напрыклад высокія пэнсіі”.

Праект закону прадугледжвае, што былыя супрацоўнікі спэцслужбаў будуць пазбаўленыя пэнсійных ільготаў, іхныя прозьвішчы будуць апублікаваныя, яны будуць таксама абавязаныя падаваць дэталі сваёй мінулай дзейнасьці, калі гэтага запатрабуюць адпаведныя дзяржаўныя ворганы.

Уяздоўскі: “Кажуць – гэта помста, але гэта ня помста, а справядлівасьць, якая вымагае адпаведнай рэакцыі ў адпаведнасьці з прынцыпамі дэмакратычнай і незалежнай дзяржавы, якая паважае справядлівасьць”

Апазыцыя, акрамя посткамуністаў, падтрымлівае праграму, але асьцерагаецца, што, прыкладам, новы закон можа супярэчыць канстытуцыі. Сьпікер Сэйму Марэк Юрэк, аднак, заявіў, што, калі будзе неабходна, дзеля гэтага можна будзе ўнесьці папраўкі ў Асноўны закон краіны.
XS
SM
MD
LG