Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму журналісты ігнаруюць тэму мясцовых выбараў?


Альгерд Невяроўскі, Менск Маніторынгавая група Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая адсочвала асьвятленьне тэмы мясцовых выбараў у СМІ, лічыць, што дзяржаўныя мэдыі сьвядома імкнуліся дэпалітызаваць і маргіналізаваць гэтую кампанію. А недзяржаўныя мэдыі папросту не хацелі зашмат казаць пра выбары -- каб ня мець непрыемнасьцяў з уладай.

Кіраўнік маніторынгавай групы Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесь Анціпенка падсумаваў вынікі назіраньня за асьвятленьнем тэмы мясцовых выбараў у СМІ за пэрыяд ад 18 сьнежня да 9 студзеня.

Анціпенка: “Парадаксальная сытуацыя, зь якой мы сутыкнуліся, палягае ў тым, што, нягледзячы на прыпаданьне на пэрыяд маніторынгу самай актыўнай фазы выбарчага працэсу – агітацыі, практычна ўсе мэдыі панізілі сваю ўвагу да выбараў”.

Паводле маніторынгавай групы БАЖ, кандыдаты ў дэпутаты не выступалі са сваімі выбарчымі праграмамі ў дзяржаўных мэдыях – за выключэньнем праваднога рэгіянальнага радыё. Пры гэтым час для выступаў кандыдатам даваўся ня самы зручны: альбо раніцай, альбо ўдзень, калі большасьць людзей на працы. Кожны кандыдат меў 5 хвілін эфірнага часу на выступ. Але, паводле спадара Анціпенкі, напрыклад, у Магілёве абласны выбаркам абмежаваў час выступу кандыдатаў да 3 хвілін. Затое амаль 90% эфірнага часу на першым канале БТ і на дзяржаўным радыё займалі падзеі, зьвязаныя з асобай Аляксандра Лукашэнкі.

Найбольш увагі дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ у гэтыя тыдні надавалі гандлёва-энэргетычнай вайне з Расеяй, а таксама калядна-навагоднім тэмам:

Анціпенка: “Я думаю, што гэта была заплянаваная палітыка, якую можна назваць дэпалітызацыяй любых выбараў у нашай краіне. Было відавочна, што недзяржаўныя мэдыі (маюцца на ўвазе газэты) дастаткова стрымана ставіліся да асьвятленьня тэмы выбараў. Думаю, прычыны тут у пэўнай самацэнзуры і ў спробе не ствараць сабе дадатковых праблем”.

Паводле Алеся Анціпенкі, у выніку тэма мясцовых выбараў у СМІ асьвятлялася няпоўна і недастаткова.
XS
SM
MD
LG