Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны друк камэнтуе сёньня беларуска-расейскі канфлікт


Радыё Свабода .



“Хуткае вырашэньне праблемы зьменшыла няпэўнасьць у надзейнасьці нафтавых паставак у Эўропе. Расея змусіла Беларусь, шматгадовую сваю блізкую саюзьніцу, адступіць. Але гэты эпізод нанёс яшчэ адзін удар па міжнародным іміджы Расеі, які ўжо быў пашкоджаны адключэньнем прыроднага газу Ўкраіне летась і пагрозай Беларусі зрабіць тое ж самае сёлета.

Спрэчка вырасла з новай стратэгіі Расеі павелічэньня цэнаў на энэрганосьбіты іншым былым рэспублікам Савецкага Саюзу. Цяпер незалежныя, але ўсё яшчэ прывязаныя да з савецкай пары сеткі газа- і нафтаправодаў, раней яны доўгі час мелі асалоду субсыдаваных цэнаў. Нядаўна Расея дамовілася пра больш высокія цэны за прыродны газ з Украінай, Грузіяй, Азэрбайджанам і Малдовай. Цягам тых перамоў таксама часам узьнікалі пагрозы і скарачэньні паставак, асабліва з набліжэньнем вызначаных тэрмінаў -- кшталту Новага году”.

New York Times таксама цытуе расейскую газэту “Труд”, якая выснавала, што “для Расеі маленькія пераможныя энэргетычныя войны становяцца навагодняй традыцыяй”.



“Лідэр Беларусі Аляксандар Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, прызнаў сябе пераможаным пасьля тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Празь некалькі гадзінаў пасьля гэтага ўрад Беларусі заявіў, што мыта, уведзенае для транспартыроўкі расейскай нафты на пачатку студзеня, “страціла моц”.

Нягледзячы на тое, што ўчорашнія падзеі павысілі прэстыж Пуціна ў Расеі і ўзмацнілі пазыцыю Масквы ў супрацьстаяньні з суседняй Беларусьсю, скандал нанёс шкоду рэпутацыі Расеі і паставіў пад сумнеў яе заявы, што яна зьяўляецца надзейным энэргетычным пастаўшчыком.

Учорашняя дамоўленасьць – апошні крок ў разгорнутым супрацьстаяньні. Расея ў два разы павысіла цэны на газ для Беларусі і прымусіла яе пагадзіцца прадаць палову сваёй сеткі трубаправодаў расейскай газавай кампаніі “Газпром”.

Пуцін на гэтым тыдні зьвярнуўся да расейскіх нафтавых кампаніяў, каб яны былі гатовыя скараціць вытворчасьць нафты і выказаў пагрозу ўвесьці бар’еры для экспарту іншых беларускіх тавараў у Расею. На долю Расеі выпадае палова беларускага экспарту, які не абкладаецца мытамі. Любая гандлёвая блякада ці ўвядзеньне мытаў балюча ўдарыць па Беларусі.

Расейскае экспартнае мыта і падвышэньне ў два разы цаны на газ па-сутнасьці спыняе субсыдаваньне Крамлём Лукашэнкі.

Кампрамісным рашэньнем магло б быць, калі б Расея зьнізіла ці скасавала экспартнае мыта на нафту-сыравіну, а Беларусь аднавіла выплаты Расеі яе долі ад прыбытку ад продажу нафтапрадуктаў краінам Заходняй Эўропы".



“Прэзыдэнты Расеі і Беларусі ўчора завяршылі другі раўнд баксёрскага паядынку за энэргетыку, што разгарнуўся на гэтым тыдні. Абодва разышліся па кутах рынгу зь сінякамі – і ня ўпершыню.

Расея пачала практыкаваць энэргетычны шантаж год таму: ў тыя ж навагоднія дні Крэмль выклікаў у Заходняй Эўропе жах, калі перакрыў істотна больш значны газаправод, што ідзе па тэрыторыі Ўкраіны, празаходне-арыентаванай дзяржавы. “Нават у пару халоднай вайны, -- абуралася ў аўторак Ангела Мэркель, -- Расея заставалася надзейным энэргетычным пастаўшчыком”. Калі Расея і далей так будзе працягваць, дык нават Эўропа, якая знаходзіцца ў летаргічным сьне, можа заняцца пошукамі іншых крыніцаў нафты і газу.

Лукашэнка таксама пралічыўся. Ягоны рэпрэсіўны рэжым пабудаваны на танных расейскіх энэрганосьбітах, што дазваляла яму нейкім чынам загрузіць неканкурэнтную прамысловасьць і плаціць пэнсіі. Мяркуючы па ўсім, ён не чакаў, што сьвята можа скончыцца. Крамлю спатрэбілася амаль 13 гадоў, каб нарэшце зразумець: і высокая цана, якую ён плаціць у выглядзе субсыдыяў, і рэпутацыя прыхільніка менскага дыктатара маюць мала аддачы ад хітрага лідэра Беларусі. Шкада, што гэта прасьвятленьне не напаткала Расею раней, да таго, як Лукашэнка пры дапамозе расейскай энэргіі махлярскім чынам купіў свае “перавыбары” ў сакавіку сёлета.

Беларусь, якая ня мае значных запасаў нафты, ня можа доўга гуляць з Масквой у гульню “хто самы сьмелы”. Учора Беларусь скасавала сваё “мыта”.

Аднак перамога Расеі гаркавая. Як і ў гісторыі з падвышэньнем цэнаў на газ і патрабаваньнем большай долі ў беларускім газаправодзе для “Газпрому” на мінулым тыдні, Пуцін у дадзеным выпадку бессаромна выкарыстаў энэргетыку ў якасьці інструмэнта сілавой палітыкі. Крамлёўскі лідэр умее гуляць толькі з моцнай рукі. Гэтаму, верагодна, вучаць у школе КГБ, але цяжка зразумець, якім чынам гэта можа паслужыць інтарэсам Расеі”.



“Лукашэнка ў папулісцкім кіраваньні цэнтралізаванай плянавай эканомікай сваёй краіны ў значнай ступені абапіраўся на субсыдаванае Расеяй паліва”.

Moscow Times таксама цытуе палітоляга зь Нямеччыны Аляксандра Рара, які сказаў: “Лукашэнка ня выжыве палітычна бяз таннага расейскага газу”. Палітоляг падкрэсьліў таксама, што “чакаў ад аўтарытарнага лідэра саступкі ў крызысе ўзамен на аднаўленьне стасункаў -- каб застацца ва ўладзе”. Аляксандар Рар называе адной з прычын пахаладаньня адносін між дзьвюма краінамі “ціск на Лукашэнку, каб выканаў абяцаньні афіцыйнага аб’яднаньня з Расеяй”.



“ ..З-за падваеньня цэнаў на газ і магчымых стратаў прыбыткаў ад экспарту расейскай нафты Менск стаіць на мяжы краху. Як доўга здолее пратрымацца дыктатар Лукашэнка ля ўлады, калі ён будзе ня ў стане забясьпечыць насельніцтва пэўнымі сацыяльнымі льготамі? Гэта невядома, як і невядома тое, ці ёсьць у Крамля плян на выпадак хваляваньняў у Беларусі...

…Ён (Лукашэнка), магчыма, паспрабуе выкарыстаць сваю апошнюю карту, якая сапсуе настрой Маскве яшчэ болей за канфлікт вакол газу і нафты. Бо расейская супрацьпаветраная абарона практычна бездапаможная без ваеннай базы пад Баранавічамі, а расейскія субмарыны ў Атлянтычным акіяне кантралююцца з камандных пунктаў пад Менскам. Дагэтуль расейскія ўзброеныя сілы не плацілі ніякай арэнды за свае аб''екты. Лукашэнка ўжо цягам некалькіх апошніх тыдняў падкрэсьлівае, што Беларусь ніколі не карысталася прывілеямі з боку Расеі, а паколькі растуць цэны на сыравіну, Крэмль павінен аплачваць усе паслугі”.



“Ёсьць пэўная іронія ў тым, што менавіта беларускі дыктатар Лукашэнка чамусьці здолеў абудзіць кіраўнікоў эўрапейскіх урадаў і прымусіў іх задумацца пра зьмены ў энэргетычнай палітыцы. Выглядае, што новы нафтавы шок не пазбаўлены пэўнага тэрапэўтычнага эфэкту. Ён прадэманстраваў слабасьць заходняга індустрыйнага сьвету”.



“У сувязі з нафтавай спрэчкай паміж Масквой і Менскам некаторыя кансультанты пры нямецкім урадзе робяць стаўку на хуткі пераход Беларусі ў нямецкую зону ўплыву. Як лічаць у Бэрліне, Крэмль губляе свайго былога хаўрусьніка Аляксандра Лукашэнку. Гэта магло б азначаць канец СНД. Дзеля таго, каб выратаваць незалежнасьць краіны, Менск мусіць павярнуцца ў бок Эўразьвязу... Хіба што за выключэньнем выпадку, калі Менск захоча быць праглынутым Масквой.

Цяпер Лукашэнка адчувае моцны ціск як з Усходу, так і з Захаду. З аднаго боку, гэта высокія цэны на расейскую сыравіну і адпаведнае мыта на беларускі экспарт у Расею. З другога боку, захады Эўразьвязу - візавыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, пазбаўленьне краіны гандлёвых прэферэнцыяў”.



“Цікава, а дзе цяпер галоўны лабіст "Газпрому" Гэрхард Шродэр, які яшчэ зусім нядаўна запэўніваў немцаў у надзейнасьці і сур’ёзнасьці Расеі як партнэра? Цяпер ні ў Нямеччыне, ні ў Эўразьвязе не сумнявацца: падобна таму як Пуцін карае Беларусь і яе прэзыдэнта, ён аднойчы можа пачаць шантажаваць і эўрапейцаў у выпадку, калі яму не спадабаецца іхная палітыка”.
XS
SM
MD
LG