Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Казімер Альхімовіч<br><br>20.12.1840, в. Дэмбрава (цяпер Шчучынскі раён) — 31.12.1916, Варшава


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Аднойчы ў букіністычным аддзеле кнігарні я натрапіў на тонкі томік ў блакітна-шэрым пераплёце: “Л. Дробаў. Беларускія мастакі ХІХ стагодзьдзя” (Менск, 1971). З чорна-белымі ілюстрацыямі, неверагодна сьціплы ў параўнаньні з сучаснымі мастацкімі выданьнямі, ён бы, магчыма, так і застаўся сумаваць на ранейшым месцы, каб не адна акалічнасьць: у кнізе было пазначана, што яе літаратурную апрацоўку зрабіў Уладзімер Караткевіч.

Думаю, што не памылюся, калі скажу, што адным з улюбёных сярод дванаццаці герояў гэтае кніжкі — ад Яна Дамеля да Фэрдынанда Рушчыца — для Караткевіча быў Казімер Альхімовіч. Здалося нават, што аўтар эсэ пра яго —не мастацтвазнаўца, а сам пісьменьнік. І ён меў падставы для натхненьня, бо несумнеўна сустрэў у Альхімовічы родную душу.

Дваццацігадовым той пайшоў у лясы да каліноўцаў, за што потым шэсьць гадоў адпакутваў у Сібіры. Пасьля амністыі Казімеру не дазволілі жыць у Беларусі. Для шараговага паўстанца гэта было выняткам з правілаў. Можна выказаць здагадку, што ён занадта незалежна трымаўся на працэсе і абразіў судзьдзяў сваім выступам.

У 1871-м на варшаўскіх выставах зьявіліся першыя палотны Альхімовіча — народжаныя ўспамінамі пра сібірскую высылку “Сьмерць у выгнаньні” і “Пахаваньне на Ўрале”. Пасьля славутай на той час мастацкай школы Войцэха Герсана ў Варшаве ён бліскуча сканчвае Мюнхэнскую акадэмію мастацтваў, дзе атрымлівае за свае посьпехі некалькі залатых і срэбных мэдалёў. Потым быў Парыж і выставы ў знакамітым Салёне...

Галоўнай тэмаю Казімера Альхімовіча стала гісторыя Літвы-Беларусі. “Вешчуны”, “Лізьдзейка з дачкою на руінах царквы Перуна”, “Сьмерць Міхала Глінскага ў вязьніцы”... Ягоныя кампазыцыі сьведчылі пра глыбокае веданьне мінулага сваёй зямлі. Сусьветную вядомасьць атрымала карціна “Пахаваньне Гедзіміна”, што экспанавалася й атрымлівала высокія ўзнагароды ў Варшаве, Львове, Пецярбургу, Сан-Францыска...

Усьведамляў гэта мастак ці не, аднак сваёй творчасьцю ён дапамагаў калегам і ня толькі ім пераадольваць комплекс нацыянальнай непаўнавартасьці і працаваў на беларускае Адраджэньне. А мабыць, і ўсьведамляў, бо, паводле ўспамінаў варшаўскіх знаёмых, “глыбока любіў сваю краіну таямнічых бароў, людзей у палатняным адзеньні і гаварыў на роднай яму мове”.

Ня быў чужым для Альхімовіча і бытавы жанр, доказам чаго ёсьць, да прыкладу, палатно “Дажынкі”, апісаньне якога, зробленае ў кнізе, забаўна актуалізуецца ў нашым сучасным кантэксьце. “Сялянскія твары не выказваюць ні радасьці, ні задавальненьня... Іх ня радуе і прыгатаваная з выпадку сьвята закуска на сталах, і музыка, якую запрасіў гаспадар... Сам гаспадар шырокім жэстам запрашае сялян да стала, аднак ува ўсёй яго фігуры няма шчырасьці...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG