Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто вінаваты ў беларуска-расейскім энэргетычным канфлікце?


Галіна Абакунчык, Менск Хто вінаваты ў беларуска-расейскім нафта-газавым канфлікце і чым ён завершыцца? Гэтае пытаньне менскім мінакам задавала Галіна Абакунчык.

Спадар: “Дакладна не магу сказаць. Сумняюся, што мы вінаватыя, сумняюся, што яны вінаватыя. Гэта, відаць, клубок праблем скруціўся -- вось і ўсё. Але ж, пэўна, дамовяцца неяк”.

Спадар: “Думаю, што больш вінаваты беларускі бок. Іх жа папярэджвалі загадзя -- трэба было падрыхтавацца. І самі мэтады правядзеньня перамоў: спачатку закрыць кран, а пасьля пачынаць размаўляць... Так жа ня робіцца ў цывілізаваным сьвеце. Гэтая гісторыя толькі пачынаецца, але ўсё застанецца на цяперашніх пазыцыях”.

Спадарыня: “Мне падаецца, што Аляксандар Рыгоравіч паверне назад і пагодзіцца з умовамі Расеі. У яго безвыходнае становішча. Расея загнала нас у кут”.

Спадар: “Абодва бакі, мне падаецца, вінаватыя. З аднаго боку, Расея намагаецца перакласьці свае эканамічныя праблемы на суседзяў, у тым ліку на Беларусь. А з іншага боку, і ўрад Беларусі ня надта карэктна вырашае гэтую праблему. Каб за кошт Расеі жыць – гэта ня рыначная пабудова эканомікі. А завершыцца ўсё тым, што мы цалкам ляжам пад Расею”.

Юнак: “Ды ўсе вінаватыя. У канфлікце вінаватыя абодва бакі. А як гэта завершыцца? Паглядзім”.

Карэспандэнтка: “Хто стаў прычынаю канфлікту? Хто вінаваты? Як гэта ўсё завершыцца?”

Спадар: “Ну, дамовяцца, дык дамовяцца на нейкіх умовах. А хто вінаваты? Ну, пэўна, палічылі, што газ танна прадаюць і вырашылі прадаваць даражэй. Якая тут віна? Гэта рынак”.

Спадарыня: “Я неяк не зьвяртаю на гэта аніякай увагі. У мяне вось дзіця малое ёсьць, гадуемся. А хто вінаваты, няхай яны самі вырашаюць”.

Спадар: “Расейскі бок вінаваты, толькі расейскі бок. І толькі зыходна з кошту на газ. Але ж неяк гэта завершыцца”.

Юнак: “Лукашэнка, сто адсоткаў Лукашэнка вінаваты. Бо ён гэтыя грошы прысвойваў сабе. Я не прымаю Лукашэнку і прымаць не зьбіраюся. Бо хоць ён і з простых людзей, але робіць вельмі непрыгожа”.

Юначка: “Ня ведаю. Мне падаецца, што вінаватыя і з аднаго боку, і з іншага”.

Карэспандэнтка: “Чым гэта завершыцца, як вы лічыце?”

Юнак: “Канфліктам. Вайной ці яшчэ чым...”

Юначка: “Усё будзе добра. Будзе газ, будзе мір, будзе Лукашэнка, будзе Пуцін. І будзе саюзная дзяржава”.
XS
SM
MD
LG