Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Сідорскі пра расейскае мыта: “Гэта ёсьць ня што іншае, як заваёва эканомік дзяржаў”


Радыё Свабода У Маскве перад пачаткам перамоў па нафтавых праблемах беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі выказаў сваё бачаньне прычын супрацьстаяньня Беларусі і Расеі.

Сідорскі: “Усе міжнародныя пагадненьні, падпісаныя Беларусьсю і Расеяй ў рамках “двойкі” Беларусь--Расея, у фармаце “шасьцёркі” ЭўразЭЗ не прадугледжваюць выключэньняў і абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі. Гэта ёсьць ня што іншае, як заваёва эканомік нашых дзяржаў на былой постсавецкай прасторы. Увядзеньне ў аднабаковым парадку і парушэньне міжнароднага пагадненьня для эканомікі кожнай дзяржавы ёсьць вельмі адчувальным.

Сідорскі заявіў, што Беларусь летась атрымлівала нафту па ўсясьветных коштах, і ўвядзеньне мыта найперш зрабіла нявыгаднымі пастаўкі расейскіх нафтавых кампаній на беларускія НПЗ, што практычна спыніла іх бізнэс у Беларусі.

Скасаванае беларускае мыта на пропуск нафты па сваіх трубаправодах спадар Сідорскі назваў сымэтрычным захадам у адказ:

Сідорскі: “Мы ўвялі сымэтрычны захад у адказ на ўведзенае расейскім урадам мыта, каб паказаць, што такі захад не зьяўляецца штуршком да разьвіцьця эканомікі”.

Цягам дня спадар Сідорскі зьбіраецца дамовіцца з кіраўніцтвам расейскага ўраду наконт “скасаваньня ўсіх выключэньняў і абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі, устаноўленых як з расейскага, гэтак і зь беларускага бакоў. У якасьці прыкладу ён назваў абмежаваньне на продаж беларускага цукру ў Расею.

Прэм’ер-міністар падкрэсьліў: пазыцыя беларускага ўраду заснаваная на тым, што мыта павінна зьбірацца ня ў межах Мытнага саюзу, а “падчас вывазу за межы Саюзнай дзяржавы і Эўразійскай эканамічнай прасторы”.

Перамовы Сідорскага з Фрадковым чакаюцца ў другой палове дня. З раніцы сустракаліся беларускія дэлегацыі на чале зь віцэ-прэм’ерам Беларусі Андрэем Кабяковым і намесьнікам міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі Віталем Савельевым.
XS
SM
MD
LG