Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля падаражэньня газу гарадзенскі "Азот" рыхтуецца да стратаў


Сяргей Астраўцоў, Гародня Прыблізна дзесятая частка аб’ёму газу, які спажывае ўся Беларусь, прыпадае на аб’яднаньне “Гродна Азот”. Як выглядае сытуацыя на прадпрыемстве з увагі на падвышэньне коштаў газу, які яно выкарыстоўвае ў якасьці сыравіны?

“Азот” — самае буйное прадпрыемства гораду і, адпаведна, -- плацельшчык падаткаў, на ім працуе сем тысяч чалавек. Падаражаньне газу перадусім адаб’ецца менавіта на “Азоце, што, безумоўна, зьменшыць падаткі ў бюджэт, лічыць дэпутат гарсавету Сяргей Кузьмянок.

Іншы дэпутат гарсавету Сяргей Антусевіч кіруе арганізацыяй Незалежнага прафсаюзу на “Азоце”. Ён гаворыць: перад Новым годам пралічылі, што прадпрыемства зможа вытрымаць максымальную цану на газ — 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Папярэдне вядома, што яна будзе каштаваць “Азоту” меней — 125 даляраў, але ўсё ж прагнозы не выглядаюць аптымістычна.

(Антусевіч:) “Улічваючы тое, што кошт на угнаеньні застаецца на тым жа ўзроўні, прадпрыемства становіцца стратным і гэтыя страты, па разьліках заводзкіх эканамістаў, парадку 17 мільярдаў рублёў за студзень”.

Спадар Антусевіч зазначае, аднак, што людзі па-ранейшаму працуюць, толькі гадаючы, што можа чакаць іх у будучыні. Дарэчы, сярэдні заробак на “Азоце” прыблізна 990 тысяч рублёў — адзін з найлепшых у горадзе. Праўда, некаторыя даплаты пакуль часова скасаваныя.

(Антусевіч:) “Шэраг выплатаў за кошт прыбытку прыпыненыя тэрмінам на адзін месяц. Самая асноўная зь іх — гэта матэрыяльная дапамога да адпачынку і дапамога пры выхадзе на пэнсію. Гэта самыя вялікія страты для працоўнага калектыву. Тое, што адменена матэрыяльна дапамога да адпачынку, гэта было ўспрынятае, канечне, зь вялікім незадавальненьнем, бо гэтай выплаты дамагаліся некалькі год і дамагліся толькі паўтары гады таму”.

Ягоны калега па гарсавету Сяргей Кузьмянок па прафэсіі інжынэр-цеплаэнэргетык, выкладае ў гарадзенскай філіі “Газ-інстытута”.

(Кузьмянок:) “Тое, што адбылося на “Азоце”, я больш, чым упэўнены, што адбудзецца і на іншых прадпрыемствах. Калі цэны на газ рэзка узрастаюць, значыцца неабходна зьніжаць сабекошт прадукцыі. Сабекошт можна зьнізіць, толькі зыходзячы са сваіх рэсурсаў”. А значыцца трэба будзе шукаць магчымасьці, каб скарачаць пэрсанал, зьмяншаць грошы на ахову працы, на эксплуатацыю абсталяваньня, на яго рамонт, лічыць дэпутат гарсавету Кузьмянок. Ён гаворыць, што кіраўніцтва “Азоту”, канечне, атрымала задачу штосьці рабіць з сабекоштам прадукцыі.

(Кузьмянок:) “Я больш, чым упэўнены, што гэта па сутнасьці блышыная валтузьня на мясцовым узроўні. Таму што сабекошт можна зьменшыць рэальна, толькі калі ўкараняеш нейкае новае, эканамічна эфэктыўнае абсталяваньне. А пры старым абсталяваньні гэта можна зрабіць толькі за кошт людзей, іншага выйсьця я ня бачу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG