Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастаўкі расейскай нафты праз Беларусь у Эўропу адноўленыя


Валер Каліноўскі, Менск Апоўначы на дыспэтчарскім пункце аб’яднаньня “Гомельтранснафта “Дружба” Свабодзе паведамілі пра пуск нафты па беларускім участку нафтаправода “Дружба” ў кірунку Украіны і Польшчы.

Дыспетчар зазначыў, што паступова загружаюцца ўсе агрэгаты для перапампоўваньня нафты.

Расейскі бок настойваў на тым, каб першымі былі пададзеныя ў Эўропу 80 тысяч тон нафты, якія беларукі бок з 6 да 8 студзеня сканфіскаваў дзеля аплаты транзытнага мыта, цяпер ужо скасаванага.

Да канца серады на прадпрыемстве “Гомельтранснафта” чакалі загаду зь Менску з канцэрну “Белнафтахім” і дакумэнтаў з расейскай кампаніі “Транснефть”. У “Транснефці” чакалі тэлеграму з Беларусі, якая б гарантавала бясьпечны транзыт нафты без усялякіх умоваў.

Пастаўкі адноўленыя пасьля таго, як беларускі ўрад учора ўвечары скасаваў сваё мыта на транзыт расейскай нафты ў Эўропу ў памеры 45 даляраў за тону. Гэтае мыта расейскі бок лічыў незаконным і адмаўляўся весьці перамовы да ягонай адмены. Сёньня ў Маскве мае прайсьці сустрэча прэм’ераў Расеі і Беларусі з мэтай далейшага ўрэгуляваньня нафтавага канфлікту.
XS
SM
MD
LG