Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амбасада Беларусі ў Літве падала скаргу на Літву ў Раду Эўропы


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня апэляцыйны суд Літвы атрымаў паведамленьне ад амбасады Рэспублікі Беларусь, што на Літву пададазеная скарга за парушэньне Эўрапейскай канвэнцыі аб экстрадыцыі. Сёньня ж апэляцыйны суд Літвы пачаў разглядаць скаргу грамадзяніна Беларусі Сяргея Моніча, падазраванага ў шпіянажы, адносна рашэньня аб яго выдачы Польшчы.

У судзе С.Моніч заявіў, што Польшча абвінавачвае яго у злачынстве палітычнага характару, а Літва ня можа выдаваць асобаў, падазраваных у гэткіх злачынствах.

Адвакат С. Моніча Альбертас Банджус цьвердзіць, што Літва, якая падпісала пагадненьне зь Беларусьсю аб юрыдычным супрацоўнітве, абавязаная абараняць і грамадзянаў Беларусі, а С.Моніч, як цьвердзіць адвакат, не абвіначваецца ні ў якіх злачынствах супраць Літвы.

Пракурор аддзелу міжнародных сувязяў і прававой дапамогі Генэральнай пракуратуры Літвы Разіта Пажарскене заявіла, што, паводле эўрапейскай канвэнцыі, іншай дзяржаве могуць быць перададзеныя асобы, якім за магчымае злачынства можа пагражаць зьняволеньне тэрмінам болей за адзін год.

Р.Пажарскене адхіліла цьверджаньні С.Моніча адносна таго, што ён нібыта церпіць ад палітычнага перасьледу і адзначыла, што “палітычнымі злачынствамі лічацца толькі такія, калі чалавека перасьледуюць за яго палітычныя пагляды, а С.Моніч абвіначваецца ў зборы дадзеных супраць Польшчы“.

Рашэньне, ці пакінуць дзейным прысуд Віленскага акруговага суду аб экстрадыцыі С.Моніча, судзьдзя апэляцынага суду Літвы Алаізас Круопіс мае абвясьціць у чацьвер раніцай.

40-гадовы грамадзянін Беларусі Сяргей Моніч быў затрыманы ў Вільні 22 лістапада летась, яго абвіначваюць у шпіянажы супраць Польшчы, а Генэральная пракуратура Літвы распачала расьследаваньне аб магчымай яго дзейнасьці і супраць Літвы. Ад таго часу С.Моніч утрымліваецца ў Вільні ў Лукіскай турме.
XS
SM
MD
LG