Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 10 студзеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага інтэрнэту

На афіцыйным сайце Аляксандра Лукашэнкі публікуюцца лісты наведнікаў, якія выказваюцца пра нафта-газавую вайну між Беларусьсю і Расеяй: “Усе чэсныя людзі Расеі, якія мысьляць, абураныя недабразычлівымі дзеяньнямі ўраду РФ у адносінах да братняга славянскага народу і саюзнай дзяржавы, якой ёсьць Беларусь. Крываносаў Юры Валер’евіч, г. Разань”; “Крокі (расейскага ўраду) многія расейскія патрыёты лічаць непрымальнымі ў сфэры міжнароднага супрацоўніцтва расейска-беларускага братэрства. Аляксандар Пестаў, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты”; “Ці не маглі б вы напісаць рэквізыты для пералічэньня пасільнай дапамогі прыўкраснаму беларускаму народу ў гэты цяжкі для яго пэрыяд”.

Сталы аўтар маскоўскай радыёстанцы “Эхо Москвы” Юлія Латыніна выказала думку, што любы вынік ў эканамічным канфлікце зь Беларусьсю будзе невыгодны для Расеі: (цытую) “Я насамрэч кажу, што самы рацыянальны варыянт – гэта ўвядзеньне войскаў у Беларусь, я зусім не іранізую, паверце. … Менш крыважэрныя варыянты ёсьць прайгравальнымі. Калі Беларусь з Расеяй неяк дамовяцца, мы скароцім вытворчасьць, не атрымаем грошай і згубім рэпутацыю (панятку) “рынак”.

На ворумах парталу Tut.by навіна пра тое, што сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар Лукашэнка ўвайшоў у склад Савету бясьпекі, па колькасьці водгукаў раўняецца абмеркаваньню тэмы віртуальнага каханьня – здрада яно, ці не? Пра Лукашэнак пішуць так: “Наўпроставае грубае парушэньне заканадаўства. Сынок у непасрэдным падпарадкаваньні татусі. І хто сказаў, што па сваім досьведзе, па сваіх маральна-дзелавых якасьцях Віктар Лукашэнка здатны адказваць за дзяржаўную бясьпеку? Ці ён за сямейную бясьпеку адказвае?”

На сайце сатырычных каляжаў “Беларуская жаба” зьявілася рэакцыя на стварэньне акадэмікам Аляксандрам Вайтовічам ўласнага блогу на сайце “Жывы Журнал”. На каляжы палітыкі Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька і Аляксандар Мілінкевіч сядзяць за партамі на фоне плякату сайту блёгаў “Жывы Журнал”. Подпіс: “Пакуль афіцыйная палітыка разграбае газавы крызыс, беларуская палітычная эліта вырашыла сур’ёзна заняцца наладкай работы зь віртуальным электаратам. Гэта зразумела. Бо пасьля ашаламляльнага посьпеху акадэміка Вайтовіча, чый журнал толькі за першыя дні сабраў сотні падпісчыкаў.

На сайце “Беларускі гістарычны форум” зьявіліся нанова запісаныя сатырычныя песьні Зьмітра Бартосіка, сярод якіх такія гіты як “Гандураскі сэрыял”, “Запой”, “Сэкс-рэвалюцыя”, “Балада пра таварыша гастэлу” ды іншыя пад агульнай назвай “Візітовачка”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG