Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа хоча стаць незалежнай ад “ненадзейных” крыніцаў энэргарэсурсаў


Радыё Свабода Эўракамісія апублікавала сёньня сваю канцэпцыю энэргетычнай эўрапейскай палітыкі для 27 краінаў Эўразьвязу. Яе прадставіў у Брусэлі старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу.

Барозу: “Эўропа мяняецца, і мы павінны дакладна сфармаваць гэтыя зьмены. Менавіта таму наша мэта ў тым, каб падрыхтаваць Эўропу для выкліку глябалізацыі. Наш эўрапейскі адказ у тым, каб змагацца са зьменамі клімату, атрымліваць больш бясьпечную энэргію, забясьпечваць гэтай энэргіяй нашых грамадзянаў і нашыя фірмы па канкурэтназдольных цэнах”.

Гаворачы пра расейска-беларускі паліўны канфлікт, Жазэ Мануэл Барозу назваў пазыцыю Масквы непрымальнай, паколькі ў выніку былі спыненыя пастаўкі нафты ў шэраг эўрапейскіх краінаў.

Новая стратэгія, якую агучыў Жазэ Мануэл Барозу і якую назіральнікі называюць індустрыйнай рэвалюцыяй у галіне энэргетыкі, накіраваная супраць залежнасьці эўрапейскага насельніцтва ад замежных экспартэраў прыродных нафты і газу, а таксама на выкарыстаньне альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі –ад прыродных да атамных.

Эўракамісія заклікае да драбленьня буйных энэргетычных канцэрнаў. Паводле Эўракамісіі, у інтарэсах сумленнай канкурэнцыі неабходна, каб уласьнікі кампаніяў-вытворцаў і кампаніяў-пастаўнікоў былі розныя. Дзеля рэалізацыі гэтага пляну энэргетычныя гіганты мусяць прадаць незалежным апэратарам трубаправоды і лініі электраперадачаў.

Эўракамісія папярэджвае, што калі не эканоміць уласную энэргію, доля імпарту ЭЗ ў 2030 годзе вырасьце ад 50 да 65 адсоткаў, адпаведна вырасьце залежнасьць Эўропы ад ненадзейных крыніцаў. Эўракамісія таксама бачыць мэтай скарачэньне выкіду вуглекіслых газаў да 2020 году на 20 адсоткаў.

Як пішуць эўрапейскія аглядальнікі, чакаецца, што некаторыя краіны ЭЗ выступяць за менш жорсткае рашэньне пытаньня. Вядома, што супраць гэткага рашэньня пратэстуюць буйныя эўрапейскія энэргаканцэрны. Прычым, у Нямеччыне і Францыі гэтыя прамысловыя гіганты могуць разьлічваць на падтрымку ўрадаў.
XS
SM
MD
LG