Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ў Расеі пішуць пра нафтагазавы канфлікт


Юры Дракахруст, Прага Канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй – галоўная тэма сёньняшніх расейскіх газэт

Хто падтрымаў Лукашэнку на выбарах?

“Комсомольская правда” друкуе стэнаграму ўчорашняй нарады ў прэзыдэнта Пуціна. Зьвяртаюць сябе ўвагу словы міністра энэргетыкі Віктара Хрыстэнкі, які паведаміў, што Беларусь перастала аддаваць Расеі частку мыта за экспарт нафтапрадуктаў з 2001 году. На пытаньне Пуціна, чаму ж тады экспартнае мата на пастаўкі нафты ў Беларусь не ўвялі тады ж, а чакалі да сьнежня 2006 году, Хрыстэнка адказаў: “Вялі працу зь беларускімі калегамі, доўгія перамовы - сьведчаньне падтрымкі беларускай эканомікі і падтрымкі, асабліва ў межах перадвыбарчай кампаніі, па многіх палітычных пытаньнях Беларусі”.

“Беларусь – дама, а ня цыпачка”

Шмат выданьняў цытуюць словы Хрыстэнкі, што “Беларусь – дама, а ня цыпачка”, “мы беларускі бок даўно папярэдзілі, што будзем абыходзіцца зь імі гэтак жа, як і зь іншымі краінамі”. “Мы прызвычаіліся да таго, што калі мы прадаем ніжэй за рынкавыя цэны, ў Эўропе крычаць , што мы падкупаем суседзяў, а калі пераходзім на рынкавыя – крычаць, што мы шантажуем” – заявіў Віктар Хрыстэнка. “Известия” прыводзяць тлумачэньне гэтага міністра, што азначае даручэньне Пуціна абараніць расейскую эканоміку – гэта заданьне міністэрствам скласьці сьпісы прэфэрэнцыяў для Беларусі, якія сталі неабгрунтаванымі.

“Время новостей” падае лічбы , якія сьведчаць пра залежнасьць беларускай эканомікі ад Расеі – у экспарце беларускага мяса на Расею прыпадае амаль 100%, малака – 97%, лекаў – 56%, шпалераў – 71%. Увядзеньне мыта на гэтыя тавары стане для беларускай эканомікі сур’ёзным выпрабаваньнем.

“Мяжа Расеі павінна быць у Берасьці”

“Комсомольская правда” падае агрэсіўную ацэнку сытуацыі аглядальнікам Першага каналу расейскага тэлебачаньня Міхаілам Лявонцьевым , паводле якога мяжа Расеі павінна быць не ў Смаленску, а ў Берасьці, “Лукашэнка паводзіць сябе, як натуральны здраднік” – мяркуе Лявонцьеў.

“Время новостей” у артыкуле “З-за бацькі – у пекла” піша, што ўчорашняя заява Пуціна аб тым, што расейскім нафтавым кампаніям давядзецца скарачаць здабычу з-за спыненьня транзыту праз Беларусь, ёсьць папярэджаньне Менску, што Масква ня спыніцца ні перад чым, адстойваючы свае інтарэсы.

“Чаму разблытваць павінны менавіта мы?”

“Российская газета” распавядае пра тэлефонную размову кіраўніка расейскай “Транснафты” Сямёна Вайнштока з памочнікам беларускага прэзыдэнта Сяргеем Ткачовым. Ткачоў сказаў, што “паміж намі пачалася вайна”, на што Вайншток заўважыў – “Мы мірныя людзі і ні з кім не ваюем”. На заўвагу Ткачова , што “яны там нешта нарабілі, а нам разблытваць” кіраўнік “Транснафты” адказаў, што “калі камусьці трэба разблытваць, чаму вы лічыце, што гэта павінны быць менавіта мы?” Бізнэсовец дадаў, што будзе рабіць якія б там ні было крокі толькі з санкцыі кіраўніка расейскага ўраду.

Толькі загалоўкі

Напрыканцы варта падаць проста некаторыя загалоўкі артыкулаў у расейскіх выданьнях, якія сьведчаць пра напал жарсьцяў – “Беларускі затор”, “Дружба” скончылася”, “Новы год – новая вайна”, “Лукашэнка пайшоў ва-банк”, “Бацька адкрыў другі беларускі фронт. Нафтавы”, “Пуцін падлічыў страты ад Лукашэнкі”, “Ці ўвядзе Расея войскі ў Беларусь”, і нарэшце кароткі загаловак у “Независимой газете” – “Гэта вайна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG