Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд публікацыяў замежнага друку аб беларуска-расейскім канфлікце


Радыё Свабода Галоўныя газэты розных краінаў сьвету сёньня прысьвяцілі свае рэдакцыйныя артыкулы і камэнтары расейска-беларускаму нафтаваму крызысу.



New York Times падкрэсьлівае, што Ўладзімір Пуцін загадаў разгледзець магчымасьць зьмены традыцыйных маршрутаў пастаўкі нафты на Захад і знайсьці тыя, якія ідуць у абыход Беларусі. “Калі гэтая зьмена адбудзецца, -- адзначае газэта, -- гэта выключыць Беларусь з транзытаў нафты ў Эўропу, але ня будзе гарантаваць бясьпекі паставак энэрганосьбітаў эўрапейскім спажыўцам”.

На сваёй прэсавай канфэрэнцыі міністар прамысловасьці і энэргетыкі Расеі Віктар Хрыстэнка заявіў, што Расея будзе ў стане накіраваць нафту ў абыход Беларусі -- ня выключана, што з выкарыстаньнем магчымасьцяў Балтыйскай трубаправоднай сыстэмы, і ў дадатак паскорыць будаўніцтва нафтаправоду “Усходняя Сібір – Ціхі акіян”. “У найбліжэйшым часе – цытуе New York Times словы Хрыстэнкі. -- Расея будзе пастаўляць больш нафты чыгуначным і водным транспартам”.

***



“Аўтарытарнае ўладараньне беларускага прэзыдэнта, якое часта называюць “апошняй дыктатурай Эўропы”, абапіралася на энэргетычныя субсыдыі з Масквы, якія цяпер ліквідуюцца. “Крэмль кінуў Лукашэнку”, -- заявіў у тэлефонным інтэрвію зь Менску лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

Раней Масква пастаўляла нафту ў Беларусь дарма, паводле пагадненьня, дасягнутага дзеля аб’яднаньня Беларусі з Расеяй у адзіную дзяржаву. Аднак, гэтыя намаганьні цягам апошніх гадоў відавочна астылі. Складваецца ўражаньне, што Крэмль вырашыў дамагчыся максымальных прыбыткаў ад экспарту нафты і газу, які б палітычны ўплыў гэта ні зрабіла на Лукашэнку”.

У іншым артыкуле Los Angeles Times зьвяртае увагу на словы расейскага прэзыдэнта аб неабходнасьці зьменшыць узровень здабычы нафты ў зьвязку са спыненьнем паставак праз нафтаправод “Дружба”. На думку аўтара артыкулу Дэйвіда Холі, гэта азначае, што Расея рыхтуецца да доўгага дыспуту зь Беларусьсю, які можа зацягнуцца ня толькі на некалькі дзён, але й на некалькі месяцаў.

***



У сваім артыкуле “Стымул да дывэрсыфікацыі” газэта адзначае, што пакуль цяжка прадказаць доўгатэрміновыя наступствы крызысу. “Зразумела, што Беларусь павяла сябе кепска, выкарыстаўшы эўрапейскія пастаўкі ў якасьці закладнікаў. Былыя сатэліты Эўропы, - адзначае Independent, мусяць плаціць за нафту па рынкавым кошце”. Але, з іншага боку -- заўважае газэта -- узьнікае ўражаньне, што Масква выкарыстоўвае свае энэрганосьбіты як “зброю”, а не як тавар, якім яна гандлюе. Эўрапейскія спажыўцы тэрмінова пачнуць шукаць іншыя крыніцы нафты, калі яны зразумеюць, што Масква ня ў стане гарантаваць бясьпеку паставак. Эўропа мусіць таксама дывэрсіфікаваць свае крыніцы энэргіі і адысьці ад выкарыстаньня шкодных для навакольнага асяродзьдзя вуглевадародаў. “Расейскі аўтарытарызм і глябальнае пацяпленьне зьяўляюцца магутнымі стымуламі дзеля зьмены ў гэтым накірунку”, - робіць выснову Independent.

***



Газэта Irish Times выносіць у загаловак свайго артыкулу словы канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель пра тое, што скарачэньне паставак нафты падрывае давер да Расеі. А.Мэркель зрабіла выснову: выглядае недапушчальным, каб у спрэчцы міжсобку Расея і Беларусь не пракансультаваліся з Эўразьвязам і гэта прывяло да спыненьня паставак нафты ў некалькі краінаў Эўропы: “Недапушчальна, калі няма ніякіх кансультацый. Гэта разбурае давер і перашкаджае будаваць адносіны. Кансультацыі ў такой сытуацыі – гэта неабходны мінімум”.

Газэта Irish Times зазначае, што выказваньні Ангелы Мэркель адлюстроўваюць пазыцыю краінаў Эўразьвязу ў пытаньні скарачэньня паставак нафты. 25% нафты пампавалася ў Эўропу праз нафтаправод “Дружба”, які праходзіць па тэрыторыі Беларусі.

Выданьне дадае: заявы канцлеркі Нямеччыны яшчэ раз паказваюць, што пазыцыя Бэрліну ў дачыненьні да Масквы стала больш жорсткай з таго часу, як А.Мэркель зьмяніла на пасадзе канцлера Герхарда Шродэра.

“Шродэр быў блізкім палітычным саюзьнікам прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і цяпер ачольвае нямецка-расейскі праект у справе будаўніцтва газаправоду”, -- азначае выданьне.

Пасьля паседжаньня 27 сябраў Эўрапейскай камісіі Ангела Мэркель заявіла, што Расея была надзейным стратэгічным партнэрам Эўразьвязу ў справе паставак энэргіі нават у часы Халоднай вайны. Але цяпер -- сказала А.Мэркель -- трэба кансультавацца, як вырашаць энэргетычныя праблемы. Палітык таксама падкрэсьліла, што ЭЗ і Расея павінны па-новаму вызначыць пазыцыі ў пытаньнях паставак энэргіі і далейшага стратэгічнага партнэрства.

Прэзыдэнт Эўракамісіі Хасэ Мануэль Бароза заявіў, што скарачэньне паставак нафты з Расеі зрабілася падставай для хваляваньня. «Гэта непрыймальна для пастаўнікоў ці транзытных краінаў -- рабіць такія захады без кансультацыяў». Бароза дадаў, што Эўрапейскай супольнасьці патрэбна агульная энэргетычная палітыка.

***



“Востры канфлікт Менску з пуцінскай Масквой ня скончыцца ў момант адкрыцьця крану з расейскай нафтай, гэтак жа як ён і не пачаўся з расейска-беларускай спрэчкі пра энэргетычную сыравіну, што ўжо доўжыцца некалькі месяцаў.

Гэты канфлікт пачаўся ў момант, калі гаспадаром Крамля стаў Пуцін... Прэзыдэнт Расеі цярпець ня можа беларускага калегі. У Маскве зьвяртаюць увагу на тое, што сустрэчы двух прэзыдэнтаў найчасьцей бываюць не двухбаковымі, а трохбаковымі і заўсёды адбываюцца у фармаце – Пуцін, Лукашэнка і Коні (улюбёны лябрадор прэзыдэнта Расеі). Для беларускага лідэра гэта прыкра і зьняважліва. Пуцін жа ведае, што Лукашэнка ня любіць сабак і іх баіцца”.

***



Энэргія – галоўная зброя, якую мае Расея для правядзеньня імпэрскай палітыкі, да якой яна імкнецца з моманту пераходу Ўладзімера Пуціна да ўлады, піша сёньня газэта Le Monde. Перадусім, гэта палітыка скіроўвалася супраць былых савецкіх рэспублік, якія адмовіліся прысягнуць на вернасьць Крамлю.

На думку аналітыкаў Le Monde, сварка паміж Масквой і Менскам пагатоў нечаканая. “Беларусі і Расея думалі пра аб’яднаньне, Пуцін быў апошнім апірышчам Лукашэнкі. Але, калі Крэмль хоча дасягнуць сваіх мэтаў, ніякае “сяброўства” не бярэцца ў разьлік. Беларусь стала ахвярай шантажу, аналягічна Украіне, Малдове, Армэніі, Грузіі. Трэба прыстасоўвацца, плаціць, альбо замярзаць…”

***



Газэта Daily Telegraph заклікае Эўрапейскі зьвяз заняць бескампрамісную пазыцыю адносна Крамля.

Пра гэта гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле “Шантаж Пуціна ня мусіць застацца беспакараным”. Газэта зьвязвае свае надзеі менавіта з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, чые паводзіны цягам апошніх дзён газэта называе “асьвяжальна недыпляматычнымі”. Цяпер Нямеччына выконвае функцыі старшыні ЭЗ і нямецкі канцлер мае намер узначаліць выпрацоўку новай палітычнай лініі адносна Расеі.

***



У артыкуле “Раззлаваная Мэркель нападае на Пуціна за апошняе закрыцьцё нафтаправоду” брытанская газэта сярод іншага цытуе аналітыка ў галіне энэргетыкі Крыса Уэфэра:

“Я мяркую, што праблема будзе разьвязаная хутка і справядліва. Расея сёлета моцна зацікаўленая ў двухбаковым гандлёвых справах з Эўразьвязам, у той час як ізаляцыя Беларусі азначае, што яе пазыцыя сумнеўная”.

***



“Апошняя канфрантацыя паміж Расеяй і Беларусьсю ў пытаньні нафты ставіць Эўропу ў цяжкую сытуацыю”, — такі артыкул друкуе The Financial Times.

На парадку дня тры асноўныя пытаньні: энэргетычная бясьпека; лёс Беларусі – апошняй эўрапейскай дыктатуры і адказ на дзеяньні Расеі, якая дэспатычна паводзіць сябе на прасторы былога СССР, асабліва на яе выкарыстаньне энэргетыкі дзеля вырашэньня палітычных пытаньняў.

Крэмль мае права спыніць падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ды ўвесьці рынкавыя цэны на энэрганосьбіты, але трэба рабіць гэта прадказальным шляхам. Нямецкі канцлер Ангела Мэркель заявіла, што з расейскага боку непрыймальна рабіць гэткія крокі без папярэдняга паведамленьня сваім эўрапейскім пакупнікам. Ўладзімер Пуцін мае падставы для таго, каб быць незадаволеным Аляксандрам Лукашэнкам, які стала ня выконвае эканамічныя пагадненьні і ня здолеў выканаць свае абяцаньні што да ўваходу Беларусі ў склад Расеі. Але спадар Пуцін мусіць адчуваць сваю асабістую адказнасьць за падтрымку беларускага рэжыму. Без падтрымкі Масквы Аляксандар Лукашэнка страціў бы моц ужо даўно.

Менавіта ў гэтым палягае асноўная праблема для Эўразьвязу. З аднаго боку, натуральна, хацелася б пазбавіць Эўропу ад Лукашэнкі. З другога боку, Эўропа ня можа дазволіць Расеі захапіць палітычны кантроль над сытуацыяй у Беларусі. Гэткі трыюмф Масквы мог бы стварыць небясьпечны прэцэдэнт для расейскіх стасункаў зь іншымі былымі савецкімі рэспублікамі, напрыклад, Грузіяй і Ўкраінай.

Пакуль няма ніякіх сымптомаў таго, што Масква хацела б падзеньня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Аднак, Брусэль мусіць быць гатовы да магчымай зьмены кіраўніцтва ў Менску. Здаецца, што адыход Лукашэнкі меўся б адбыцца ў межах дэмакратычных працэдураў, і на ягонае мейсца мае прыйсьці празаходні кандыдат. Але калі ўсе будзе іначай, і пераемніка Аляксандра Лукашэнкі паставіць Масква?

Захад мусіць настойваць на двух прынцыповых пытаньнях. Па-першае, пастаўкі энэрганосьбітаў у любой сытуацыі мусяць быць забясьпечаныя; па-другое, Беларусь мусіць заставацца незалежнай дзяржавай.
XS
SM
MD
LG