Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ўрад скасаваў мыта на транзыт расейскай нафты


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня Беларусь саступіла патрабаваньням Масквы і скасавала мыта на транзыт расейскай нафты. Такім чынам нафтавы канфлікт паміж Масквой і Менскам наблізіўся да разьвязкі. Чакаецца, што бліжэйшым часам будуць адноўленыя пастаўкі расейскай нафты ў 6 краінаў Эўропы, якія былі спыненыя ў панядзелак.

Сёньня пасьля тэлефоннай размовы паміж А.Лукашэнкам і У.Пуціным адбылося тэрміновае паседжаньне Прэзыдыюму Саўміну Беларусі, на якім было ўхваленае рашэньне аб скасаваньні мыта на транзыт расейскай нафты памерам 45 даляраў.

Раней міністар эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі Герман Грэф заявіў, што расейскі бок можа пагадзіцца на перамовы зь Менскам толькі пасьля скасаваньня беларускага мыта на транзыт нафты і аднаўленьня яе паставак у краіны Эўропы

Паводле прэсавага сакратара старшыні ўраду Беларусі Аляксандра Цімашэнкі, Сяргей Сідорскі мае выправіцца заўтра ў Маскву вырашаць праблемы, зьвязаныя з пастаўкамі і транзытам расейскай нафты. Пакуль не вядома, з кім будзе сустракацца ў Маскве кіраўнік беларускага ўраду, бо праграма візыту яшчэ не зацьверджаная.

Лукашэнка і Пуцін знайшлі кампраміс

Тым часам прэсавая служба А.Лукашэнкі паведаміла, што ў часе працяглай тэлефоннай размовы кіраўнікоў Беларусі і Расеі быў знойдзены кампраміс, які дазволіць разблякаваць “тупіковую сытуацыю, што склалася, у тым ліку й датычна транзыту расейскай нафты ў краіны Эўропы”.

Прэм’ер-міністрам Расеі і Беларусі даручана цягам двух дзён выпрацаваць канкрэтныя прапановы па вырашэньні ўсіх праблемных пытаньняў і ўнесьці іх на разгляд кіраўнікоў дзяржаў да пятніцы, -- паведаміла прэсавая служба А.Лукашэнкі. Крамлёўская прэсавая служба не падала падрабязнасьцяў гэтай размовы, а толькі паведаміла, што яна прайшла зь ініцыятывы беларускага боку.

“Гомельтранснафта” гатовая аднавіць працу ў любы момант

Між тым, на беларускім участку нафтаправоду “Дружба” чакаюць рашэньня аб пачатку падачы нафты ў Эўропу. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў галоўны інжынэр РУП “Гомельтранснафта” “Дружба” Аляксандар Бардоўскі.

Бардоўскі: “Цяпер мы выкарыстоўваем гэты перапынак у працы нафтаправоду для выкараненьня тых дэфэктаў, што былі выяўленыя ў выніку ўнутрытрубнай інспэкцыі, якія, пакуль труба працавала, зьліквідаваць не маглі”.

Спадар Бардоўскі паведаміў, што ягонае прадпрыемства гатовае ў любы момант аднавіць транспартаваньне расейскай нафты і цягам гадзіны вывесьці трубаправод на максымальны рэжым, бо цяпер яно церпіць страты:

Бардоўскі: “Кожны чалавек, які выконвае працу, разумее: труба не працуе – грошы не ідуць. Труба зарабляе нам грошы, у сярэднім тысяч 400 даляраў за дзень”.

Нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі працуюць на старых запасах

Начальнік управы “Белнафтахіму” Мікалай Даўгапалец заявіў “Свабодзе”, што нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі працуюць з загрузкай 100 адсоткаў магутнасьцяў:

Даўгапалец: “Заводы працуюць у нармальным рэжыме. Абстаноўка ў калектыве нармальная, спакойная, дзелавая. Запасы былі, таму спакойна працуем”.

На колькі хопіць старых запасаў нафты на беларускіх НПЗ – камэрцыйная таямніца. Але спадар Даўгапалец спадзяецца, што праблема будзе неўзабаве вырашаная:

Даўгапалец: “Я думаю, як і па газе, дамовімся... Браты, бывае, зьбяруцца і паб’юцца, а потым памірацца…”

Сёньня ў Маскве па-ранейшаму знаходзілася беларуская дэлегацыя на чале зь першым віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым, але паведамленьняў пра якія-кольвек сустрэчы не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG