Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Думы А.Локаць: “Мы губляем пэрспэктыву стварэньня саюзнай дзяржавы”


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня Дзярждума Расеі адмовілася разглядаць пытаньне аб нафтавым канфлікце зь Беларусьсю. Сьпікер Барыс Грызлоў паставіў на галасаваньне дэпутатаў пытаньне аб тым, каб правесьці пазачарговае паседжаньне і разгледзець беларуска-расейскія дачыненьні. Большасьці гэтая прапанова не набрала, і спадар Грызлоў заявіў, што пытаньне разгледзіць Савет Думы ў чацьвер.

Тым часам дэпутат ад КПРФ Анатоль Локаць прапанаваў правесьці пазачарговае паседжаньне саюзнага Парлямэнцкага сходу і запрасіць на яго кіраўнікоў урадаў і дзяржаў. Аднак прапанова не знайшла падтрымкі Б. Грызлова. У сувязі з гэтым дэпутат Локаць заявіў “Свабодзе”, што ставіцца пад пытаньне існаваньне саюзнай дзяржавы.

Локаць: “Я бачу віну расейскага боку перш за ўсё ў расхістваньні лодкі ў гэтым канфлікце, які ніяк ня гасьне. Першапрычына – не эканамічныя дачыненьні, а палітычнае пытаньне. Захаду не падабаецца пабудова саюзнай дзяржавы: там робяць усё, каб гэта не адбылося. Гэта заходні імпульс. Тут, у нас, ёсьць праваднікі гэтых імпульсаў, перадусім Мінэканамразьвіцьця”.

Дзейнасьць міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі Германа Грэфа дэпутат Локаць ацаніў наступным чынам:

Локаць: “Ён разбурае сваімі дзеяньнямі, сваімі рашэньнямі пэрспэктыву стварэньня саюзнай дзяржавы. Дзеля таго толькі, каб патрапіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Мы губляем свайго адзінага саюзьніка – Беларусь, губляем пэрспэктыву стварэньня саюзнай дзяржавы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG