Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“З нафта-газавага крызысу пачынаецца агонія аўтарытарнага рэжыму”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за сераду, 10 студзеня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22.

Сталы слухач: “Вашы апазыцыянэры, зьяўляючыся амэрыканскімі агентамі, выдумкі ўсялякія робяць. Так цяпер палітыкі расейскія і мэдыі паўсюль прапагандуюць, што Беларусь жыве за кошт Расеі: Расея корміць нашых беларусаў і гэтак далей... Рэдка хто рэалістычна кажа. А што па-Вашаму справядліва паводзіць сябе Расея, калі яна ў саюзе з намі? Канечне, не. Дык што, прыняць усе дзікія ўмовы, якія нам навязваюць гэтыя барбары?! Каму ад гэтага добра? Толькі звышпрыбытак расейскім канцэрнам. А беларускаму народу? Гэта будзе рэзкае пагаршэньне жыцьцёвага ўзроўню. Дык чаго тут радавацца?”

Ларыса, Менск: “Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт газа і нафты. З газам усё ўладзілася. Па 100 даляраў – гэта меншы кошт, чым для іншых краінаў. Тут усё зразумела. А наконт нафты таксама ўсё будзе вырашана. І няма чаго турбавацца. Бо калі паліва падаражае, дык гэта, можа, і лепей, менш будуць паліць, і ачысьціцца паветра, бо ўжо амаль няма чым дыхаць. Нешта не турбуюцца, што можна знайсьці іншыя сродкі. Машыны старыя, як асабістыя, так і дзяржаўныя. А трэба, каб навучыліся, працавалі над тым, каб шукаць нейкія крыніцы паліва больш чыстыя. Так што нам ня трэба вельмі хвалявацца. Трэба жыць па сродках. Некаторым, найбольш забясьпечаным давядзецца крыху зьнізіць свае патрабаваньні: менш будаваць катэджы і спажывецкі кошык крыху зьменшыць па памерах. Вось і ўсё будзе добра. Эканомія і беражлівасьць – вось наш дэвіз на гэты момант”.

“Наша незалежнасьць пад пагрозай. Пра гэта сьведчыць выступ Пуціна. Ён канкрэтна ставіць палітычнае пытаньне. Прапануецца саюз на ўмовах Расеі, а гэта значыць, што ніякай незалежнасьці ў нашай Беларусі ня будзе. Бо Пуцін хоча быць кіраўніком, гэта яго адзіны шлях, бо балятавацца на трэці тэрмін ён ня мае магчымасьці. І калі б мы згадзіліся на такое аб’яднаньне, то можна сабе ўявіць, які гэта будзе саюз, пасьля таго, што адбываецца ў дадзены момант. Гэта ідзе амаль вайна. Такім чынам, трэба абараняць сваю незалежнасьць любым шляхам”.

Спадар: “Расея заўсёды беларусаў лічыла, хоць і братамі, але меншымі, малодшымі. А вось і павяла стральбу з газавай трубы. Вядома, па насельніцтву, бо Лукашэнка схованку знойдзе і ў зямлянцы, а куды ж дзенецца народ? Рыгоравіч сказаў: “Мы перад Расеяй чыстыя”. Сапраўды, ліквідаваў беларускамоўныя школы. Гэта ж нямала што значыць. Ды і сам беларускую мову згубіў, зьвяртаецца да свайго народа на чужой. Ліквідаваў беларускія нацыянальныя сымбалі, надаў рускай мове дзяржаўны статус. Павучыцца б нашаму прэзыдэнту ў казахстанскага Назарбаева, які сказаў, што старэйшае пакаленьне мы ня будзем перавучваць на казахскую мову, а малодшыя, калі вучыць ня будуць, то прыйдзецца ім цяжка. А наш Лукашэнка ці адкажа за зьдзек зь беларускіх дзетак, бо не забыць, як плакала дачка на расейскамоўнае навучаньне”.

Аляксандр, Смалявічы: “Хацеў бы запытаць нашага паважанага Філярэта, да якой пары Лукашэнка будзе выкарыстоўваць храм Божы для сваіх абрыдлых прамоваў. Ці для гэтага мы ходзім туды, каб слухаць байкі пра газ і нафту? Прабач мяне, Госпадзі, але мне здаецца, што яму засталося толькі, зьняўшы бот, пагрукаць па сьвятому алтару. Ганьба! Жыве Беларусь!”

Мікалай: “Мне здаецца, што з нафта-газавага крызысу пачынаецца агонія аўтарытарнага рэжыму, які немінуча згіне, а Беларусь будзе жыць вечна! Няхай жыве Беларусь!”

Спадарыня: “Далучыўшы Беларусь да сваёй імпэрыі, Пуцін амаль па-джэнтэльменску здабыў бы сабе трэці тэрмін прэзыдэнцтва. Тым шляхам, якім сабе здабыў таварыш Лукашэнка, Пуцін ня хоча. Прагматычная Эўропа ветлівая такая зь ім, хоць Чачня і прыдушаная. Ды не атрымліваецца. Лукашэнка не за так жа цалаваўся яшчэ зь Ельцыным. Узяў і пабудаваў за расейскую нафту рынкавы сацыялізм. І стаў ганарысты. А народ ня хоча ў гэтую імпэрыю і ня пойдзе. У нас ёсьць плошча Каліноўскага”.

Спадарыня: “9 студзеня 2007 года пачалося не датэрміновае галасаваньне, а датэрміновая фальсыфікацыя выбараў. Замітусіўся электарат Лукашэнкі, запрацавала д’ябальская машына па фальсыфікацыі выбараў”.

“Не прайшло і года пасьля таго, як Пуцін падтрымаў кандыдата на прэзыдэнта Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сакавіка 2006 года ў Беларусі, атрымаўшы ў падарунак вялікую сьвіньню на знак удзячнасьці за падтрымку. Памылка Пуціна абышлася яму ўжо ў тры мільярды. Магчыма, падставяць сваіх спажыўцоў нафты ў Эўропе і сваю рэпутацыю, Пуцін і пойдзе на нейкія кампрамісы. Але дараваць Лукашэнку за “падкладзеную сьвіньню” ніколі ня зможа. Аналягічна дзеяньням Лукашэнкі можа зрабіць і Пуцін. Так што беларускі народ чакае імклівае падзеньне ўзроўню жыцьця”.
XS
SM
MD
LG