Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Стафан Грабоўскі<br><br>24.6.1767, в. Асташына (цяпер Наваградзкі раён) — 4.6.1847, Варшава


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Пасьля прэзэнтацыі маёй дзіцячай кніжкі гістарычных апавяданьняў “Адкуль наш род” да мяне падышла па аўтограф маладая маці з сынам. Хлопчыка звалі Стафан. Натхніўшыся гэтым ня вельмі частым імем, я пажадаў малому ніколі не забываць, адкуль ягоны род, іначай дзядзька Арлоў надае па срацы. Прачытаўшы пагрозьлівы надпіс, маці засьмяялася, а потым сур’ёзна сказала: “А ён свой род не забудзе” . “Таму што я Стафан Грабоўскі”,— картавячы, але трэба было бачыць зь якім гонарам, адказаў малы, а яго маці папрасіла ў будучых выданьнях кніжкі абавязкова зьмясьціць і апавяданьне пра іх знакамітага продка.

Выданьне тое яшчэ чакае сустрэчы з чытачом, але дадзенае на прэзэнтацыі абяцаньне я выканаў.

У аповедзе я пішу, як Стафан Грабоўскі, які жыў за два стагодзьдзі да свайго сучаснага юнага аднайменьніка, выхоўваўся ў Варшаўскай рыцарскай школе, а потым служыў у арміі Вялікага Княства Літоўскага, усходняя частка якога ўжо была адарваная й далучаная да царскай імпэрыі. У 1793-м Расея захапіла й цэнтральныя беларускія землі.

Падпалкоўнік Грабоўскі далучыўся да падрыхтоўкі патрыятычнага паўстаньня ў Вільні. У часе вызваленьня нашай колішняй сталіцы ад расейцаў у красавіку 1794-га галоўную ролю адыграў якраз ягоны аддзел. У паўстанцкім войску Вялікага Княства, якім камандаваў паплечнік Касьцюшкі Якуб Ясінскі, падначаленыя Грабоўскага былі адной з самых баявых частак. Менавіта Стафан на чале 2-тысячнага корпусу зьдзейсьніў пераможны рэйд на Меншчыну й Магілеўшчыну.

Я напісаў і пра тое, як у 1812-м Грабоўскі, разам з тысячамі нашых суайчыньнікаў вітаў Напалеона, спадзеючыся аднавіць зь яго дапамогаю страчаную дзяржаву. У званьні генэрал-маёра Стафан узначальваў вайсковы камітэт у Вільні. Аднак французкі імпэратар вёў сваю гульню...

Пакуль кніжка выйдзе, малы Стафан акурат навучыцца чытаць. Любіць Беларусь маці яго ўжо навучыла.
XS
SM
MD
LG