Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чым скончыцца беларуска-расейская гандлёва-энэргетычная вайна?


Альгерд Невяроўскі, Менск Хто з бакоў вінаваты ў яе разьвязаньні? Гэтае пытаньне тыдня беларускай “Свабоды” людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

Хлопец: “Лічу, што вінаватая Беларусь, бо не яна дыктуе правілы. Гэта не наш газ, а расейскі. А чым скончыцца? Відаць, тым, што канчаткова мы перасварымся. Хаця, можа, дасягнуць нейкага пагадненьня. Але ранейшымі адносіны ўжо ня будуць”.

Спадар: “Дамовяцца. Усё будзе добра. А вінаватага няма”.

Спадар: “Вінаватая сьвядомасьць людзей, якая не дае ім нармальна дзейнічаць. Не дае магчымасьці прымаць добрыя рашэньні дзеля народу. А чым яна скончыцца, залежыць ад таго, наколькі ў іх разьвіта пазытыўнае мысьленьне ў бок людзей”.

Спадарыня: “Натуральна, Расея вінаватая. Я думаю, што Расея павінна абраць правільны шлях і саступіць”.

Спадарыня: “Напэўна, усе вінаватыя ў такой сытуацыі. Я думаю, спыняцца і той, і другі бок. Запануе здаровы сэнс”.

Спадар: “Расейскае кіраўніцтва й вінаватае. Вырашыла прыдушыць краіну адным паваротам крану. І ў іх гэта атрымаецца”.

Карэспандэнт: “Чым скончыцца беларуска-расейская гандлёва-энэргетычная вайна і хто ў ёй вінаваты?”

Спадар: “Думаю, тыя, хто гэтым кіруе. Непрафэсійна, не на чалавечым узроўні. Перамагае заўсёды мацнейшы. Але ёсьць вышэйшыя матэрыі, і ёсьць чалавечыя адносіны. Гэта й пераможа”.

Спадарыня: “Скандалам скончыцца. А вінаватыя ўсе. Не знайшлі паразуменьня своечасова. Хто ня ўмее дамаўляцца, той і вінаваты”.

Спадарыня: “Цяжка цяпер рабіць прагнозы. Але хто вінаваты? Я думаю, і Беларусь, і Расея. Лічу, што Беларусь павінна больш саступаць”.

Дзяўчына: “Я лічу, што вінаватая наша ўлада. У людзей няма свабоды. І адсюль усе праблемы, усе недарэчнасьці ў адносінах з Расеяй. Расея й пераможа. Бо яна ж больш моцная дзяржава”.
XS
SM
MD
LG