Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Змаганьне Лукашэнкі за нафту ўжо ня выратуе нi яго, нi эканомiку Беларусi...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 10 студзеня 2007 году.

Новы 2007-ы год для Беларусі пачаўся з абвастрэньня энэргетычнага канфлікту з Расеяй. Расчараваная ў бясплённасьці абяцанага Менскам аб’яднаньня ў адзіную дзяржаву, Масква намерылася спыніць фінансаваньне колішняга саюзьніка і атрымліваць за свае газ і нафту рэальныя рынкавыя цэны. І сутыкнулася ў гэтай справе з жорсткім і цьвёрдым супрацівам беларускіх уладаў.

На гэтую тэму – значная частка нашай пошты апошніх дзён. Вось што ў сваім электронным лісьце на “Свабоду” піша Валеры Грыцук зь Менску:

“Усё, што адбываецца вакол газавых, нафтавых ды іншых паставак, уся гэта -- гандлёвая вайна, зусім заканамерная для папулiстаў i дыктатараў. Але я хачу зьвярнуць увагу на тое, як на гэтыя падзеі адрэагавала наша апазыцыя. Ведаю тэкст адпаведных адозваў БНФ i АГП. Я заклiкаў калегаў, каб яны ў сваіх заявах зрабiлі акцэнт на здрадзе ўлады народу Беларусi. Дык вось, у адозве БНФ ёсьць акцэнт на здрадзе iнтарэсам беларускага народу. (Праўда, адозва зьявілася позна -- толькі 4 студзеня.)

А вось у адозве пaлiтрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі акцэнт чытаецца чамусьці на iнтарэсах Расеi. Прынамсі, эканамiчная афарбоўка гэтага дакумэнту паказала, што АГП абараняе iнтарэсы Расеi. Зноў жа, заява позна апублiкавана. Атрымлiваецца, што фармальныя лiдэры апазыцыі ня маюць вырыянтаў рэакцыi на раьзвiцьцё падзеяў.

Безумоўна, Лукашэнка здрадзiў беларусам i нават сабе, бо аддаў палову “Белтрансгазу” нявыгадна – нават не за восем і не за тры, а толькі за два з паловай мільярды даляраў. I ягонае змаганьне за нафту ўжо не выратуе нi яго, нi эканомiку Беларусi.

...Памятаеце, спадар Валянцiн, у 2001-м годзе я пiсаў пра такія “стымулятары” для палітычнай актыўнасьці беларусаў, як голад i холад. Вы тады не пагаджаліся. Але ўсё iдзе якраз да гэтага”.

Рознага кшталту апакаліптычных сцэнараў, зьвязаных з будучыняй нерэфармаванай беларускай эканомікі, было шмат ня толькі ў 2001-м годзе, спадар Грыцук. У сярэдзіне 90-х апазыцыйныя лідэры няспынна гаварылі пра непазьбежны блізкі эканамічны крах, фінансавы абвал і народнае абурэньне. Зь цягам часу, аднак, гэтыя прадказаньні, якія ніколі не збываліся, спакваля сьціхлі. І цяпер ужо, нягледзячы на сапраўды сур’ёзны крызыс у дачыненьнях з Расеяй, ад большасьці сур’ёзных аналітыкаў і апазыцыйных лідэраў гучаць куды больш стрыманыя, чым раней, прагнозы адносна наступстваў гэтага крызысу. Чакаць, што ў блізкім часе беларусы пачнуць цярпець ад голаду і холаду, наўрад ці варта, спадар Грыцук. Хоць эканамічныя праблемы, зь якімі давядзецца сутыкнуцца Беларусі, відавочна, немалыя. Пра гэта, дарэчы, гаворыцца і ў заяве кіраўніцтва АГП, якую Вы, спадар Грыцук, крытыкуеце. Я перачытаў яе – і не знайшоў там заклікаў да адстойваньня расейскіх эканамічных інтарэсаў. Так, там не паўтараецца Ваша выснова пра “здраду народу”, але ёсьць канстатацыя пра “кулюарную, закрытую, палітызаваную прыватызацыю без удзелу ўсіх зацікаўленых бакоў і на шкоду доўгатэрміновым інтарэсам беларускай дзяржавы”. І гэтая фармулёўка падаецца больш дакладнай, чым палітычны ярлык аб здрадзе.

Аўтар наступнага ліста – Аляксей Лашук з Гомеля.

“Яскравы прыклад бессэнсоўнасьці цяперашняй дзейнасьці апазыцыі – удзел у мясцовых выбарах. Якія могуць быць выбары, калі ў камісіях – ніводнага прадстаўніка апазыцыі? Мае рацыю Станіслаў Шушкевіч: толькі байкот выбараў можа быць адказам на нахабства ўлады.

Чаго не хапае нашай апазыцыі, дык гэта ўменьня даводзіць да канца пачатую справу. Узьнікае добрая ідэя, а вось давесьці яе да выніку – не хапае рашучасьці. Успомнім ініцыятывы Лябедзькі правесьці рэфэрэндум аб перайменаваньні Лукашэнкам менскіх вуліц, наладзіць грамадскі суд над Лукашэнкам і многае іншае. Тое ж можна сказаць аб стварэньні Мілінкевічам руху “За Свабоду!” Дык адкуль у народу будзе давер да такой апазыцыі?”

Удзел у мясцовых выбарах апазыцыя ад самага пачатку разглядала толькі як магчымасьць уласнай агітацыйнай кампаніі, спадар Лашук. Многія апазыцыйныя лідэры прапаноўвалі на заключным этапе гэтай кампаніі адклікаць сваіх кандыдатаў і байкатаваць выбары. Аднак зрабіць гэтага пакуль не ўдалося – як выявілася, не заўсёды пагаджаюцца самі кандыдаты: адолеўшы значную частку выбарчага шляху, некаторыя зь іх заяўляюць, што мусяць ісьці да канца. Магчыма, яны ўсур’ёз разьлічваюць на дэпутацкія мандаты? У кожным разе, да 14-га студзеня яшчэ некалькі дзён, і многае ў гэтай справе можа зьмяніцца.

Пра бясплённасьць удзелу апазыцыі ў мясцовых выбарах піша ў сваім лісьце на “Свабоду” і Генадзь Банкевіч зь Менску.

“Магу ўпэўнена сказаць, што гэтыя выбары не дадуць нашай (у двухкосьсях) “апазыцыі” ніякіх дывідэндаў. Сумна, але менавіта так будзе. Цяжка ўсьведамляць, што мінулы 2006-ы год ні на сантымэтар не наблізіў нас да дэмакратыі. Складана зразумець хвалёную на Захадзе “апазыцыю”, якая, па сутнасьці, толькі дапамагае ўмацаваньню рэжыму. Гэтая “апазыцыя” існуе дзеля апазыцыі беларускай мове і займаецца асваеньнем грантаў (у тым ліку расейскіх).

Цяпер супраць Беларусі вядзецца сапраўдная палітычная, эканамічная і інфармацыйная вайна з боку Расеі, з дапамогай Нямеччыны. Мне здаецца, што Пуцін дамовіўся зь Нямеччынай аб новым пакце “Молатава-Рыбэнтропа”, не зважаючы на дзяржаўныя інтарэсы Польшчы і краінаў Балтыі. Вось вам і дэмакратыя. Але нягледзячы ні на што, сапраўдныя беларусы ня кінуць сваёй мовы, ня кінуць бацькаўшчыны, будуць аберагаць сваіх нацыянальных дзеячоў. Перамога будзе за нацыяналістамі, і Беларусь усё роўна будзе беларускай, а не расейскай. Праўда, перамога наша бачыцца далёка наперадзе. Будзем разам, але пад бел-чырвона-белым сьцягам, а не пад джынсамі. Мы маем уласны нацыянальны гонар”.

Нацыяналісты ў Беларусі, спадар Банкевіч, маюць вельмі нязначную грамадскую падтрымку – у межах некалькіх працэнтаў. Прычым, гэта датычыць нацыяналістаў ня толькі беларускіх, але і расейскіх, і любых іншых – не папулярныя падобныя ідэі сярод беларусаў. І Ваша ўпэўненасьць у непазьбежнай перамозе нацыяналістаў выклікае, прынамсі, зьдзіўленьне.

Што да дэмакратычнай апазыцыі, якую Вы лічыце так званай, то большасьць яе актывістаў і кіраўнікоў вельмі прыхільна ставіцца і да беларускай мовы, і да ідэяў нацыянальнага адраджэньня. Цяжка зразумець, чаму Вы лічыце, што яны – у апазыцыі да беларускай мовы. Таму што гавораць ня толькі па-беларуску? Але яны змушаны лічыцца з моўнымі рэаліямі Беларусі. Калі па-сапраўднаму разьлічваюць на перамогу ў палітычнай барацьбе...

Наш даўні слухач Андрэй Паско зь Берасьця адгукнуўся на пакараньне сьмерцю былога ірацкага дыктатара Садама Хусэйна.

“Гэту навіну я ўспрыняў вельмі нэгатыўна. Кара сьмерцю –гвалтоўнае парушэньнне асноўнага Эвангельскага запавету. На жаль, сьмяротнае пакараньне захоўваецца і ў Злучаных Штатах (праўда, не ў такіх дзікунскіх формах). Мне шкада не павешанага дыктатара – шкада катаў, якія загубілі свае душы”.

Ірацкае грамадства, Андрэй, не жыве паводле Эвангельскіх запаветаў. І сьмяротны судовы прысуд чалавеку, вінаватаму ў гібелі тысяч ні чым не вінаватых людзей, не выглядае там чымсьці надзвычайным ці абуральным. Ды й ці толькі там? У Беларусі, адрозна ад шмат якіх іншых эўрапейскіх краінаў, таксама існуе сьмяротнае пакараньне. І за яго адмену ў сёньняшніх умовах, калі зусім ня рэдкасьцю сталіся самыя жахлівыя забойствы і звалтаваньні, выказваецца зусім ня большасьць грамадзтва.

На заканчэньне – ліст ад Леаніда Асьцярожнага з Магілёву.

“Свабоду” слухаю прыкладна 10 год. За гэты час даведаўся пра сваю радзіму больш, чым за ўсё ранейшае жыцьцё (а мне болей за семдзясят гадоў). У вашых перадачах мне падабаецца ўсё. Калі ласка, часьцей паведамляйце, як жывуць простыя людзі ў краінах блізкага і далёкага замежжа: якія ў іх заробкі і пэнсіі і што на іх можна купіць. З дапамогай “Свабоды” ўважліва сачыў за галадоўкай Аляксандра Казуліна. Непакоіўся і турбаваўся за яго. Ведаю, што часам яму ўдаецца слухаць “Свабоду”. Таму хачу сказаць: дарагі Аляксандар Уладзіслававіч, ня трэба Вам больш галадаваць. Вы патрэбны Беларусі здаровы. Ваша падарванае здароўе – гэта вялікі дарунак цяперашняму рэжыму. ...А час працуе на Вас”.

Мы працягваем сачыць за лёсам палітвязьня Аляксандра Казуліна – былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта, які больш за пяцьдзясят сутак трываў у зьняволеньні палітычную галадоўку. Гэтая акцыя не была дарэмнай – сваім пратэстам палітык прыцягнуў вялікую ўвагу сьвету да праблем Беларусі. Хоць цана той галадоўкі, сапраўды, была немалая: у Аляксандра Казуліна дагэтуль маюцца істотныя праблемы са здароўем.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG