Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэпутат Думы А. Локаць: “Мы губляем пэрспэктыву стварэньня саюзнай дзяржавы”


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня Дзярждума Расеі адмовілася разглядаць пытаньне аб нафтавым канфлікце з Беларусьсю. Сьпікер Барыс Грызлоў паставіў на галасаваньне дэпутатаў пытаньне аб тым, каб правесьці пазачарговае паседжаньне і разгледзець беларуска-расейскія адносіны. Большасьці гэтая прапанова не набрала і спадар Грызлоў заявіў, што гэтае пытаньне разгледзіць Савет Думы ў чацьвер.

Тым часам дэпутат ад КПРФ Анатоль Локаць прапанаваў правесьці пазачарговае паседжаньне саюзнага Парлямэнцкага сходу і запрасіць на яго кіраўнікоў урадаў і дзяржаваў. Аднак гэтая прапанова не знайшла падтрымкі Б. Грызлова. У сувязі з гэтым дэпутат Локаць заявіў Свабодзе, што ставіцца пад пытаньне існаваньне саюзнай дзяржавы.

Локаць: “ Я бачу віну расейскага боку перш за ўсё ў расхістваньні лодкі ў гэтым канфлікце, які ніяк не гасьне. Першапрычына – не эканамічныя адносіны, а палітычнае пытаньне. Захаду не падабаецца пабудова саюзнай дзяржавы, там робяць усё, каб гэта не адбылося. Гэта заходні імпульс. Тут, у нас ёсьць, праваднікі гэтых імпульсаў, у прыватнасьці Мінэканамразьвіцьця”.

Дзейнасьць міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі Германа Грэфа дэпутат Локаць ацаніў наступным чынам:

Локаць: “Ён разбурае сваімі дзеяньнямі, сваімі рашэньнямі пэрспэктыву стварэньня саюзнай дзяржавы. Дагоду адзінаму – праходжаньню ва Усясьветную гандлёвую арганізацыю. Мы губляем свайго адзінага саюзьніка – Беларусь, губляем пэрспэктыву стварэньня саюзнай дзяржавы”.
XS
SM
MD
LG